Перайсці да зместу

Старонка:Заранкі (1924).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У СОНЕЧНЫХ ПРАМЕНЬНЯХ.

Мы ідзём квяцістым лугам,
Пуцявінай залатой,
Удваіх — у бляску сонца —
Заадно мы з яснатой.

Ціхавейны ўецца ветрык, —
Ён ляціць да нас з палёў,
Расплятае твае косы
І сплятае іх ізноў.

Упрыгожаную блескам
Напаткалі мы раку.
Мая мілая дзяўчынка,
Пасядзім на беражку.

Тут ля рэчкі ў зеляніне
Адпачынем мы з табой;
Палюбуемся, дзяўчынка,
Мы вясеньняю красой.

Рэчка срэбрам зіхаціцца,
Хвалі шпаркія бруяць;
А ўгары над рэчкай сьветлай
Птушкі весела зьвіняць.

Вунь блакітны матылёчак
Мітусіцца над вадой…
Душу шчасьце напаўняе:
Мая мілая са мной!..

∗     ∗

Чаму мне так сумна, так цяжка,
Чаго маё сэрца баліць?
Чаму маё гора так важка,
Жуда маю душу шчыміць?