і ўсе парадачныя людзі, страшэнна ненавідзіць бальшавікоў…
Жонка. Дзякую, дзякую, пані Ядвіга. Так хочацца з інтэлігентнымі людзьмі пабачыцца, пагаманіць. А куды я з сваім ненормальным пакажуся? І хто ў нашых лахманох убачыць інтэлігентных людзей? Я вас падвяду трошкі, пані Ядвіга.
Паня. Не, не, ня трэба, дзякую… Нашто вам са мною па холадзе хадзіць… Я адна. Бывайце здаровенькі, пані Станіслава! (Цалуюцца. Паня выходзіць).
Жонка. Шчасьлівая пані Ядвіга… А я дажылася, што са мною парадачнаму чалавеку ісьці сорамна. Гора маё! Гора маё! (Ламае рукі і плача).
Пісарэвіч (прыходзіць, пяючы „Хто быў нічым“…). А што, пашла ўжо гэтая лялька? Няўжо і да сябе запрасіла?
Жонка (халяруе). Змоўкні, змоўкні, змоўкні з гэтаю песьняй! Ты ненормальны!
Пісарэвіч. Стасенька, супакойся! Можа яшчэ і горай будзе, пасьпееш наплакацца… А ў мяне, братка, нічога ня вышла… Я зусім хворы…
Жонка (іншым голасам). Не палохай мяне, Алесь!