Мяшчанка. Рапаруйце, рапаруйце боцікі, а я пасьля забяру. Ну і жартаўнік чалавек! (Пашла, а ён садзіцца за боты).
Жонка (прыходзіць за нейкі час з услончыкам і фунтам хлеба, сядае і моўчкі плача). Да чаго мы дажыліся, да чаго мы дажыліся…
Пісарэвіч (пяе).
Ня плач, ня плач, мая ты Стасенька, |
Жонка. Да чаго мы дажыліся, да чаго мы дажыліся!.. (Плача, трасучыся, ня могучы стрымацца).
Пісарэвіч (кідае бот і ўстрывожаны падходзіць да жонкі). Стасенька, міленькая, супакойся!
Жонка. Лепей-бы нас бомба нямецкая там забіла чымся тут гараваць на ўцякацтве!.. Да чаго мы дажыліся…
Пісарэвіч. Да чаго там дажыліся? Дажыліся казакі — ні хлеба ні табакі… Бывае горш, вялікая рэч! Супакойся, Стасютка… (Цалуе ў рукі). Паўзірайся, колькі я аркушоў сьпісаў — кучу грошай дастану, баль справім. Дзяцей на сьвята з прытулку прывядзем. Лячыцца я пачну… Вайна, скончыцца, дамоў паедзем!
Жонка. Дамоў, дамоў…
Пісарэвіч (пяе).
Ой дамоў, дамоў, |