I
Пустая вуліца ў глухім расійскім горадзе. Адзін дом з белымі налепкамі: „Здаецца пакой“. Па вуліцы плятуцца змораныя Пісарэвіч і яго жонка. Безнадзейна азіраюцца… Раптам утаропіліся ў налепкі, зрадзелі.
Пісарэвіч (скача на аднэй назе, паказваючы на налепкі). Знашлі, знашлі, знашлі! І налепачкі налеплены!
Жонка (сьцішае яго за рукаў). Апамятайся і людзей пастыдайся. Ледзьве ногі цягаеш, а скачаш, як малое дзіцянё.
Пісарэвіч. Гуляй, хата, гуляй, печ!
Жонка. Кінь вырабляцца, прашу цябе! Мне ад тваіх жартаў зусім малая пацеха. Стукай, ды паціху, ато пакрыўдзяцца, як там.
Пісарэвіч. Стуцыце — і адверзецца вам! Шукайце — і знойдзеце! (Стукае ў дзьверы. Выходзіць мяшчанка).
∗
∗ ∗ |
Мяшчанка. А што вам, добрыя людзі?
Пісарэвіч. Дзень добры, панічка!
Жонка. Дзень добры вам!
Мяшчанка. І вам добры дзень, мілыя людзі! А чаго-ж вам трэба?. Мусіць, вы ўцекачы з Польшчы?