Сяляне пачалі прыслухоўвацца, як на сходзе, пачалі сыпаць рэплікамі.
— Ведаем!
— Брашы, брашы, труба!
Некалькі чалавек пусьціліся ў хату глядзець, хто ў трубу гаворыць.
— Няйначай, там нейкі крыксун схаваўся! — крычалі яны.
Шчыры рогат Арцёмавых унукаў уторыў лекцыі нявідочнага чалавека.
Людзі шукалі чалавека пад сталом, пад лавамі.
Дзед стаяў нярухомы, трымаючы тапарышча ў руцэ ў такой позе, нібы рыхтаваўся даць па ілбу нявідочнаму ворагу. Ён глядзеў на „кусамольцаў“ такімі вачыма, нібы бачыў на іх рогі і хвасты „нячысьціка“.
Труба гаварыла хвілін пятнаццаць.
— Правільна! Правільна! — крычалі барадачы ў захапленьні.
Вяскоўцы падыходзілі да трубы, мацалі яе асьцярожна рукамі, углядаліся ў яе пустое нутро, шукаючы захаванага сакрэту.
Стары вытарашчыў вочы і стаяў, як зачарованы.
— Концэрт артыстаў беларускага тэатру! — прагрымела труба. Зноў стала ціха. Людзі ў рознастайных урачыстых позах нарыхтавалі вушы.
Дзед мала зразумеў з гэтых слоў, але таксама навастрыў слух.