Перайсці да зместу

Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Так, мабыць, вялікі мастак Шаляпін не практыкуецца перад сваімі выступленьнямі на сцэне.

Ды і што мастацтва найвялікшых артыстых перад мастацтвам чалавека ў галіфэ!

Як прыдзе да яго селянін з нейкай крыўдай: блытаніна ў дзесяцінах на выплату падатку, неразьбярыха ў дзяльбе сенакосу, валакіта з дакумантам або што-кольвечы іншае, калі селянін праз меру прыстане да яго з сваёй справай, пробуе трымацца з ім за панібрата, ня зьверне належнай увагі на яго галіфэ, — тады пачуеш ад сакратара адно толькі слова:

— Контр-р-рэвалюцыя!

Твар у яго пры гэтым выглядае бязбожна-рэволюцыйным. Галіфэ тапоршчацца-хвалююцца, і ў тоне яго выкрыку адчуваецца нешта гордае і прыкрае, як-бы во-во накрыў селяніна на злым учынку.

Вельмі памайстэрску пераліваецца яго голас пры літары „р“ у гэтым страшным слове. Гэта ядраная літара як-бы дробіцца на кавалкі, а кожны кавалак расьце ў цэлую гару. „Р“ пераліваецца ў рэзкія трэлі, як-бы пілой рэжа чалавека. Выходзіць „р-р-р-р“. Цэлая тысяча „р“.

Гэтае слова прыбівае любога селяніна, як град прыбівае збожжа на полі.

Селянін у гэту-ж хвіліну пачынае думаць аб сабе, што ён сапраўды нейкі контр-рэволюцыянэр, нейкі праступнік перад савецкай уладай.

Селянін пачынае ў думках сваіх спавядацца:

А што я такое ўчыніў кепскае?