рогаў, — тады чалавек, уладар гэтых галіфэ, даходзіць да найвышэйшага пункту сваёй асалоды, гордасьці і шчасьця.
Ён дабрадушна ўсьміхаецца, глядзіць зьверху ўніз на таго чалавека, як на нейкую нікчэмнасьць. Ды сапраўды, што значаць усе перад ім — перад яго галіфэ.
У сельсавеце, дзе ён сакратаром, ён не сядзіць на месцы, бо ад гэтага галіфэ псуюцца. Ён болей усяго стаіць над сталом і скрыпіць пяром на паперках.
Сяляне, праўда, шэпчуцца, нібы яго галіфэ — тое самае, што папоўскія рукавы, — надта шмат убіраюць у сябе чужой працы… Але што зробіш? Да яго ня прыступішся, да яго ня прырвешся, ён сыпіць на ўсіх такімі закавырыстымі слаўцамі, што аж страх бярэ. Ён так абставіў сябе портрэтамі вялікіх дзеячоў рэволюцыі; што ўжо нічога з ім ня зробіш — абарона!
Селянін зірне на галіфэ, на яго самога, на ўсё, што вакол абстаўлена, пачуе яго грымотны голас, якім страляе, нібы кулямётамі супакоіцца.
А калі бывае хто з сялян, які ня хоча й ня можа супакойвацца, бо крыўда ўжо праз меру вялікая, — тады ў чалавека ў галіфэ ёсьць вельмі добры спосаб супакоеньня. Ён скажа адно толькі слова — і чалавек зараз-жа робіцца ніжэй травы, цішэй вады.
Слова гэта моцнае:
— Контр-р-рэвалюцыя!
Чалавек у галіфэ так налаўчыўся казаць гэта слова, як лепей ня трэба. Відаць, у хаце сваёй добра напрактыкаваўся, нарэпэтыраваўся.