Старонка:Дуброўскі.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Яшчэ ёсць надзея. Я спадзяюся расчуліць яго маімі слязьмі і роспаччу. Ён упарты, але ён так мяне любіць.

— Не спадзявайцеся дарэмна: У гэтых слёзах убачыць ён толькі звычайную баязлівасць і прыкрасць, уласцівыя ўсім маладым дзяўчатам, калі ідуць яны замуж не з кахання, а з сталай практычнасці; што калі возьме ён сабе ў галаву стварыць шчасце ваша без вас саміх; калі сілком павязуць вас да шлюбу, каб навек аддаць лёс ваш пад уладу старога мужа...

— Тады, тады нічога не зробіш, з'явіцеся па мяне, я буду ваша жонка.

Дуброўскі задрыжэў: бледны твар укрыўся густой ружовасцю і ў тую-ж хвіліну стаў бляднейшы як калі. Ён доўга маўчаў, унурыўшы галаву.

— Збярыце ўсе сілы душы, упрошвайце бацьку, кіньцеся да яго ног: давядзіце яму ўвесь жах будучыні, вашу маладосць, счэзлую каля гнілога і распуснага старога; адважцеся на жорсткую гаворку: скажыце, што калі ён не паслухае вашых просьбаў, то... то вы знойдзеце жахлівую абарону... скажыце, што багацце не дасць вам ніводнай хвіліны шчасця; раскоша цешыць толькі беднасць, і то з непрывычкі, на адзін момант, не згаджайцеся з ім, не палохайцеся ці яго гневу, ні пагроз — пакуль будзе аставацца хоць цень надзеі, прашу вас, не згаджайцеся. Калі-ж не будзе ўжо іншага ратунку...

Дуброўскі закрыў твар рукамі; ён, здавалася, задыхаўся. Маша плакала...

— Няшчасная, няшчасная мая доля, — сказаў ён, цяжка ўздыхнуўшы... - За вас аддаў-бы я жыццё, бачыць вас здалёк, крануць вашу руку было мие асалодай. І калі адкрываецца мне магчымасць лепшае стварэнне прыціснуць да ўсхвалёванага сэрца і сказаць: ангел, памрэм! — небарак, я павінен усцерагацца ад шчасця, я павінен аддаляць яго ўсімі сіламі... Я не асмельваюся ўпасці да вашых ног, дзякаваць небу за незразумелую незаслужаную ўзнагароду. О, як павінен я ненавідзець таго — але адчуваю — цяпер у сэрцы маім няма месца для нянавісці.

Ён ціха абняў стройны яе стан і ціха прытуліў яе да свайго сэрца. Даверліва схіліла яца галаву на плячо маладога разбойніка. Абое маўчалі.

Час імчаўся.

— Пара, - сказала нарэшце Маша. Дуброўскі быццам вышаў з санлівасці. Ён узяў яе руку і надзеў ёй на палец пярсцёнак.