Старонка:Дуброўскі.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цуза-настаўніка. Мар'я Кірылаўна сядзела як на іголках, Верэйскі выслухаў з глыбокай увагай, знайшоў, што ўсё гэта вельмі дзіўна і змяніў гаворку. Вярнуўшыся, ён загадаў падаваць сваю карэту і, не гледзячы на гарачыя просьбы Кірылы Петровіча астацца начаваць, паехаў адразу пасля чаю. Але раней прасіў Кірылу Петровіча прыехаць да яго ў госці з Мар'яй Кірылаўнай - і горды Траекураў абяцаў, бо ўзяўшы на ўвагу княжную годнасць, дзве звязды і 3000 душ фамільнага маёнтка, ён да некаторай ступені лічыў князя Верэйскага роўным сабе.

Праз два дні пасля гэтага Кірыла Петровіч паехаў з дачкой у госці да князя Верэйскага. Пад'язджаючы да Арбатава, ён не мог не цешыцца з чыстых і вясёлых сялянскіх хат і з мураванага панскага дома, пабудаванага ў гусце англійскіх замкаў. Перад домам быў густа-зялёны поплаў, на якім пасвіліся швейцарскія каровы, пазвоньваючы сваімі званкамі. Шырокі парк абкружваў дом з усіх бакоў. Гаспадар спаткаў гасцей ля ганку і падаў руку маладой красуні. Яны ўвайшлі ў цудоўны зал, дзе стол быў падрыхтаваны на тры асобы. Князь падвёў гасцей да акна, і перад імі разбеглася найпрыгажэйшая карціна. Волга цякла перад вокнамі, па ёй ішлі нагружаныя лайбы пад нацягненымі ветразямі і мільгацелі рыбацкія чаўны, так трапна празваныя душагубкамі. За ракой цягнуліся ўзгоркі і поле, некалькі вёсак ажыўлялі навакольнасць. Пасля яны заняліся разглядам галерэй карцін, купленых князем у чужых краях. Князь растлумачыў Мар'і Кірылаўне аб іх каштоўнасцях, аб змесце, гаварыў аб гісторыі жывапісцаў, расказваў пра недахопы; ён гаварыў аб карцінах не на ўмоўленай мове педантычнага знаўцы, але з пачуццём і фантазіяй. Мар'я Кірылаўна слухала яго з прыемнасцю. Пайшлі за стол. Траекураў аддаў поўную ўвагу вінам свайго Амфітрыона[1] і ўмельству яго повара, а Мар'я Кірылаўна не адчувала ніякай збянтэжанасці або штучнасці ў гаворцы з чалавекам, якога бачыла яна толькі другі раз зроду. Пасля абеда гаспадар запрасіў гасцей пайсці ў сад. Яны пілі каву ў альтанцы на беразе шырокага возера, усыпанага астравамі. Раптам пачулася духавая музыка і шасцівеславы човен прыстаў да самай альтанкі. Яны паехалі па возеру, каля астраўкоў, выходзілі на некаторыя з іх — на адным знаходзілі мармуровую статую, на другім пус

  1. Амфітрыон — ветлівы, гасцінны гаспадар; ад імя героя камедый старарымскага пісьменніка Плаўта (259 - 184 да н.э.) і французскага пісьменніка Мольера (1622 - 1673).