Старонка:Дрыгва (Аляхновіч, 1925).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сьлязмі і цалуе). Маня! Ратуй мяне! я тону! дрыгва цягне мяне… І сябе ратуй! Уцякай ты з гэтае бруднае нары! уцякай на вёску! Там калосіцца жыта, там васількі цьвітуць, там сенажаць сьмяецца ўсімі сваімі краскамі — уцякай адсюль, Манька, бо прападзеш так, як я прападаю… (плача).

Манька. Ціха, пан Лякдугна, як можна!… Сорам! Вы чалавек разумны, вучоны — і гэтак плачаце!

Лякдугна (перайшоўшы на іншы тон). Праўда! Праўда, Маня! Далоў сьлёзы! Сьлёзы — гэта атрута, гэта яд, які разслабляе душу… Мы павінны сьмяяцца, весяліцца! Будзем пяяць гімн жыцьця і шчасьця! Няхай гудзяць літаўры, няхай сыплюцца кветкі! Будзем кружыцца як віхор у шалёных скоках! (хоча абняць Маньку, яна ўцякае).

Манька. Пане Лякдугна! Кіньце!…

Лякдугна (да Галубоўскага). Галубоўскі! А ты чаму ня скачаш? Хадзі, паскачам з табой у чэсьць радасьці жыцьця! (хапае Галубоўскага за плечы і абняўшыся, пачынае з ім скакаць нешта дзікае, пасьля абодва падаюць).

Гаспадыня (босая, неапранутая, у хустцы накінутай на плечы ўваходзіць на гэты шум). А, Божа-ж ты мой! А што-ж тут робіцца? Галубоўскі! Што ты з глузду зьехаў, ці што? Ідзі спаць! (да Лякдугны): А вам, панок ня сорам? Разумны чалавек, а скача як дурны. А яшчэ студэнт!..