Старонка:Дрыгва (Аляхновіч, 1925).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

запалівае сярнічку, разглядаецца па сцэне і, пабачыўшы на стале сьвечку, запалівае яе і сядае на крэселе). Ну, брат Лякдугна! Годзі ўжо гэтага сьвінячага жыцьця! Гэтак далей нельга!… Або сабе кулю ў лоб, або трэ’ ўрэшце пачаць жыць па новаму!… Гэтак нельга!… Тфу!… Але што-ж цяпер рабіць?… Ноч… Да хаты далёка… Трэба будзе мусі тут прамучыцца да раніцы… (устае і падходзіць да Галубоўскага). А гэты сьпіць! Смачна сьпіць, як на пярынах… Діогэн! Далібог — Діогэн! Нічога яму ня трэба — толькі чарку гарэлкі, а пасьля мычыць сваё: «І пянёндзуф ня хцяла…»

Галубоўскі (будзіцца). Га?!.. Хто тутака?.. А!.. гэта вы, панок! А дзе-ж госьці?.. дзе гаспадыня?…

Лякдугна. Ужо ноч, браце! Усе ўжо даўно сьпяць.

Галубоўскі. А вы… скуль-жа тутака?

Лякдугна. А чорт ведае!… Вось напіліся мы з табой, браце, так, што заваліліся, як быдлё, на падлогу і спалі як сьвіньні… (да сябе). Але годзі ўжо гэтай агіды! Трэба ўжо кінуць гэта п’янства… Эх, чорт!… Вучыцца не паехаў, змарнаваў ужо два гады… Меўся повесьць пісаць, — напісаў два аркушы і кінуў… Скажы мне, Галубоўскі, дзеля якога ліха я жыву? Чаму я не павешуся? чаму я не зарэжуся?… Ох, смага страшэнная!.. піць дай!…

Галубоўскі. Гарэлкі, панок?