Старонка:Друшчыц. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

палякамі, выбіраецца Казімір, затым яго сын Аляксандар і Жыгімонт і сын апошняга Жыгімонта—Аўгуст. З канца XV ст. улада князя формальна абмяжоўваецца Радай, а з XVI ст.—Вялікім Вальным Соймам.

Рада.

З пачатку Рада была дарадчай установай пры князі. Яна ня мела пэўнага складу і была зложана з асоб, якіх прызываў вялікі князь па ўласнаму пагляду і каго ён лічыў карысным. Канчаткова склад Рады вызначыўся ў канцы XV і пачатку XVI ст. У склад Рады ўвайшлі біскупы, ваяводы, кашталяны, вышэйшыя ўраднікі земскія і дворныя і некаторыя князі і паны.

У XIV і перш. полове XV ст. Рада была пры князі, але ў другой палове XVI (пры Казіміры) яна становіцца дзяржаўнай установай, Дзяржаўнай Радай. Яна бярэ на сябе ахову інтарэсаў дзяржавы і абарону магчымых парушэньняў з боку самога гаспадара, які адначасна быў і каралём польскім. Пасьля сьмерці Казіміра ў 1492 г., у Літоўска-Беларускай дзяржаве і Польшчы былі выбраны асобныя гаспадары. Рада павінна была зноў вярнуцца ў ранейшы стан. Аднак паны радныя ня згодзіліся на гэта, і вялікі князь прымушаны быў абмежаваць сваю ўладу і даць такія абавязкі: 1) вясьці дыплёматычныя зносіны ня іначай, як па абгавору іх з панамі Рады; 2) не зьмяняць нічога, што ўхвалена разам з панамі-Радаю; у выпадках нязгоды паноў з паглядамі князя пры рашэньні дзяржаўных спраў ня гневацца на іх за гэта; 3) выконваць тое, што яны парадзяць яму для яго і дзяржаўнай карысьці; 4) не раздаваць урадаў і не адымаць іх бяз згоды з панамі-Радаю; 5) усе даходы расходваць ня іначай, як па згодзе з панамі-Радаю.

Пры выбарах Жыгімонта, апошні даў у 1506 г. прывілей, у якім да вышэйшых пунктаў далучыў яшчэ адзін, болей яскравы: усе законы і распараджэньні агульнага характару, накірованыя на карысьць дзяржавы, павінны выдавацца ня іначай, як з ведаму, абгавору і згоды паноў-Рады.

Вялікі Вальны Сойм.

Ужо ў XV ст. ня ўсе пытаньні вырашае Рада. Дзеля выбараў гаспадара і па справам вуніі зьбіраецца сойм. З пачатку на сойм зьяжджаюцца ўсе князі, паны і шляхецтва пагалоўна. Такія зьезды не заўсёды былі магчымы, і ў 1512 г. вялікі князь аддаў загад, каб шляхта сабралася па паветах і выбрала па 2 прадстаўнікі, даўшы ім „зупольную моц". З гэтага часу такі звычай умацоўваецца. Аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел і пэрсональна. Склад сойму канчаткова вызначаецца ў палове XVI ст. У сойм уваходзяць: паны Рады, ураднікі, княжаты і паняты і рыцарства—шляхта, а з 1566 г. адзін прадстаўнік мяшчан г. Вільні.

Компэтэнцыя сойму таксама пашыралася. Апроч выбараў гаспадара і спраў вуніі, сойм вырашае пытаньні аб вайне, фінансах, выдае законы, што было зацьверджана Статутам 1556 г.

Росквіт беларускай культуры.

XVI век - гэта век росквіту беларускай культуры. Адбіткам беларускай дзяржаўнасьці зьявіўся беларускі збор законаў, вядомы пад назваю Літоўскага статуту. Гэты збор законаў, выданы ў трох рэдакцыях у 1529, 1566 і 1588 гадох, зьяўляецца помнікам беларускага права — як паводле мовы, так і па зьместу. Ім карысталіся ў Беларусі да 40-х гадоў XIX ст., калі ён быў заменен, „сводам законов Россійской