Старонка:Друшчыц. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вырадзіўся. Асобы, даказаўшыя сваё шляхецтва, атрымліваюць спэцыяльныя „лісты", якія яны хавалі, як фамільны скарб, каторы можа прыгадзіцца дзеля іх наступнікаў.

Адмежаваньню шляхецтва ад другіх станаў грамадзянства дапамог „Земскі попіс" 1528 г., у якім было пералічана ўсё шляхецтва, павіннае адбываць вайсковую службу. Гэты рэестр стаў як-бы шляхецкай кніжкай, у якую зьвярталіся за спраўкамі пры спрэчках аб шляхетным пахаджэньні.

Для выдзяленьня шляхецтва паслужылі і асобныя граматы; яны выдаюцца вялікім князем з XVI в. пры якіх-небудзь урачыстасьцях.

Палажэньне шляхецтва, у параўнаньні з „простымі людзьмі", выдзялялася тым, што шляхціц заўжды заставаўся вольным чалавекам. Земскімі прывілеямі была забясьпечана недатычнасьць асобы шляхціца і яго маёмасьці; бяз суду яго не маглі пакараць сьмерцю, пасадзіць у турму, конфіскаваць маёмасьць, налажыць грашовы штраф. За рану, калецтва і няўмыснае забойства шляхціца накладалі болей высокія штрафы ў 12 рублёў, 30 коп і 100 коп грошай.

У судох прысяга шляхціца вельмі часта была рашучым довадам. Быў яшчэ шэраг прывілеяў для шляхты.

А з паловы XV в. толькі шляхціцы прымаюць удзелы на вялікіх вальных соймах у вырашэньні важнейшых політычных пытаньняў.

Абавязкам шляхты была вайсковая служба. Лік выстаўленага войска залежыў ад велічыні маёмасьці, заможнасьці і ўмоў, на якіх была дала зямля. З пачатку XVI ст. вайсковая служба рэгулявалася соймавымі „ухваламі", у залежнасьці ад ліку сялянскіх служб у шляхецкім маёнтку. Звычайнай нормай было выстаўленьне аднаго коннага жаўнера ад 10—8 сялянскіх службаў.

Паны і князі.

Стан паноў і князёў нічым ня розьніўся паміж сабой, апрача тытулу, які не даваў жадных прывілеяў. Князямі зьяўляліся патомкі Рурыкавічаў, Гэдымінавічаў, выхадцаў з Масквы і Орды. Паны былі патомкі радавых баяр і князёў. Стан паноў і князёў складаў групу фэодалаў, якая ўладала зямлёй з поўным правам і панствам і над якою вялікі князь меў толькі вярхоўны суверэнітэт. Князі і паны складалі вялікую вайсковую і політычную сілу, якая магла спрачацца з вялікім князем на ўплыў політыкі, — як унутранай, такі замежнай. Гэта можна ўбачыць па земскаму попісу 1528 г. Паны Кезгайлы выстаўлялі 768 коняў, на 53 кані меней, чымся ўся зямля Валынская, і на 56 коняў болей, чым уся зямля Полацкая. Паны Радзівілы выстаўлялі 621 каня, Осьцікавічы — 337 коняў, Глебавічы — 279, Хадкевічы — 198 і гэтак далей.

Такая экономічная і вайсковая магутнасьць рабіла іх гаспадарамі дзяржавы. Яны займаюць вышэйшыя ўрады, засядаюць у Радзе і карыстаюцца выключнымі правамі ў сэнсе суду, маючы права судзіцца ў самога гаспадара. З другой паловы XVI ст. шляхецтва пачынае змагацца з імі і іх выключнымі прывілеямі і дабівацца таго, што па рэформе 1563—66 г.г. стан паноў быў параўнован у сваіх асабістых правох — як політычных, так і грамадзянскіх — з шляхецтвам.

Політычная будова Літоўска-Беларускай дзяржавы.

На чале дзяржавы стаяў вялікі князь. Спачатку яго ўлада лічылася неабмежаванай, але фактычна была слабой. Ужо з першай паловы XV ст. яна становіцца выбарнай. Пасьля сьмерці Вітаўта выбіраецца Сьвідрыгайла, пасьля забойства Жыгімонта Кейстутавіча, пасаджанага