Старонка:Друк на Беларусі ў XVI і XVII сталецьцях.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заяўлялі свае правы на зямлю, на друкарню і іншую маёмасьць Траецкага брацтва[1]. Праваслаўныя братчыкі на моцы каралеўскага прывілею 1609 году, прымушаны былі пакінуць Траецкі манастыр і перанесьці сваю дзейнасьць у суседні Духаў манастыр, куды была пераведзена і брацкая друкарня.

Нетолерантная політыка Рэчы Паспалітае ў асобе Жыгімонта ІІІ прымусіла брацкую друкарню прыняць удзел у рэлігійнай барацьбе, якая ішла навокал брацтва.

У 1610 годзе Духаўская друкарня выпусьціла твор Мелеція Сматрыцкага „Фринонъ т. е. Плачь восточныя церкви на отступленіе некоторыхъ от древнего греческого исповеданія и от повиновенія патр. Константинопольскому", надрукаваны ў 4-ю долю аркуша. Аднак, Каратаеў зацьвярджае, што такой кнігі, надрукаванай кірыліцай, ня было, і думае, што „Плач" быў выдадзены толькі ў польскай мове[2].

Выхад полемічнага твору М. Сматрыцкага выклікаў вялікае нездаваленьне ў урадавых колах і меў шмат вынікаў, цяжкіх для брацкай друкарні. Сам Жыгімонт IIІ знаходзіўся ў гэты час у лягеры пад Смаленскам, дзе і быў выдадзены дэкрэт 7-га мая 1610 году, на моцы якога ўсім грамадзянам Вялікага Княства Літоўскага загадвалася «aby się nikto takowych xiag, kart y pasquillusów pod zakladem pieciu tysiecy czerwonych zlotych na skarb nasz e pod innemi winami w prawie pospolitem opisanemi na buntowniki, kupować I przedawać nie wažył, owszem, aby každy zabierał i palił». Гэты загад грунтаваўся на думцы, што «w drukarnie ruskiey Wieleńskiey wydrukowane które ostatne są pasquilluse y bunty przeciwko zwierchności duchownej y świeckiey, a śnać y xiegi osobne nie male w teyže drukarni russkiey Wieleńskiey są wydrukowane w których znać gorszych jeszcze kalumniy y bluźnierstwa pełno».[3]

Каралеўскі дэкрэт аддаваў брацкую друкарню на зьнішчэньне. Вялікі князь, сьледам за публікацыяй дэкрэту 7-га мая, выдаў новы загад на імя свайго сакратара Мацея Бурмінскага, войта і бурмістраў, райцаў і лаўнікаў каталіцкае веры гораду Вільні, зрабіць вобыск у друкарні і спаліць „pasquilluse y xiegi podeyrzane", а самых друкароў, корэктара Лявонція Карповіча і аўтараў трымаць у турме (na ratuszu albo w więzieniu jakiem do nauki naszey) да каралеўскага загаду. Вышэйпамянёныя асобы павінны кіравацца загадамі аб гэтым з боку Міколы Крыштофа Радзівіла, віленскага ваяводы[4].

Ува ўсёй гэтай няпрыемнай для брацкай друкарні гісторыі прымаў найактыўнейшы ўдзел віленскі ваявода Мікола Крыштоф Радзівіл, які знаходзіўся пад моцным уплывам езуітаў і зусім ня меў нахілу адносіцца цярпліва да чужаверцаў[5] Найноўшы дасьледчык віленскае друкарскае справы Абрамовіч знаходзіць, што брацтва адхілілася ў бок ад свайго статуту. Замест выданьня рэлігійных кніг і падручнікаў для школ праваслаўнага вызнаньня, брацкая друкарня стала на шлях выданьня твораў полемічна-рэлігійных, альбо політычных памфлетаў. Адсюль можна прыйсьці да выніку, што разгром брацкае друкарні быў упоўне законны[6]. Аднак, Віленскае брацтва падала скаргу ў трыбунал, а апошні перанёс справу „на россудок сеймовый"[7].

Здавалася, віленская ўлада зрабіла так, што зьнікла ўсялякая магчымасьць абыякой дзейнасьці брацкае друкарні.

  1. Харлампович. Ор. сіt., стар. 325.
  2. ) Каратяев. Ор. cit., стар. 318—319.
  3. Акты Вилен. Археогр. Комиссии. Т. VIII. Вильно. 1875. №44
  4. Ibid., №45
  5. Abramowicz. Op. cit., стар. 71
  6. Ibid., стар. 71
  7. Харлампович. Op. Cit., стар. 326