Старонка:Дружчыц Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нездавальненьня вуніяй і палякамі і недавераньне да апошніх. Недавераньне да Польшчы, неабходнасьць пазіраць за кожным крокам палякаў, чы ня хіліцца ён да парушэньня літоўскіх інтарэсаў, павінны былі зьявіцца пастаяннымі падарожнікамі літвінаў, калі яны мелі справу з палякамі. Было лі магчыма поўнае зьліяньне Літвы з Полшчай пры такіх умовах? Дзіўная чыннасьць палякоў у адносінах да ״братскага“ народу, які яны аграбілі зусім не пабрацкі, зьнішчаў у корні магчымасьць гэтага і адначасна прымушаў літвінаў цясьней збліжацца паміж сабой, асьцерагаючыся паўтарэньня польскіх вівісэкцыяў і тэрыторый Літоўскага княства. Усе, што адбывалася паміж літвінамі і палякамі ў 1569 г., утварыла атмосфэру такога незадавальненьня ліцьвінаў палякамі і такога ўзаемнага недавераньня, што зьліваньне абоіх народаў надоўга стала немагчымым. Вунія, заключоная такім спосабам, які абралі палякі, утвараючы аб'яднаньне з надворнага боку, утварыла адначасна глыбокую ״розьнь“ паміж абоімі народамі, і ўсякая думка аб ёй выклікала ў адчуваньні ліцьвіноў столькі абражлівага і ўніжаючага, што аб злучэньні двух народаў у адно целае не магло быць і гутаркі.

Затым проф. І. І. Лаппа зьвяртае ўвагу на артыкул прывілея аб агульным сойме, па зьместу якога ўсе паны-рада і станы абоіх народаў павінны памагаць друг другу верна, усімі сваімі сіламі, лічучы агульнымі шчасьце і няшчасьце. Пры правядзеньні ў жыцьцё гэтага пункту прадстаўнікі абоіх народаў не маглі згаварыцца нават у пытаньнях агульнай абароны, а ў справах унутраных нежаданьне працаваць адзін дзеля другога яшчэ прыметней. Літоўцы зусім адмаўляюцца абгаварываць няцікавыя для іх польскія справы на Люблінскім сойме, а палякі ня цікавяцца справамі літоўскімі. Літоўскія констытуцыі, якія ня былі непасрэдна цікавымі для польскіх членаў сойму, павінны былі праходзіць без агульнага іх абгаварываньня, што не магло не падтрымліваць сэпаратызму Літвы. Працівалегласьць інтарэсаў і адсутнасьць праўдзівасьці і сяброўскага пачуцьця паміж палякамі і літоўцамі, якія аб‘ядналіся, з адсутнасьцю інтарэсу адзін да другога і сьпешнасьцю пры абгаварваньні, няпрынцыповых спраў, разбурвалі ў сапраўднасьці артыкул дагавору вуніі аб агульных народах, і рабілі яго невыпаўнімым. Літва і Польшча засталіся аддзельньімі адзінкамі з асобнымі тэрыторыямі і асобнымі правамі і пасьля вуніі 1569 г., хаця яны і мелі суполъны сойм і супольнага караля. Заключэньне вуніі ў тым выглядзе і тымі спосабамі, як яна ўтварылася ״нанесло новую рану литовцам и повело к пущему раздору“ і зусім ня зьліла канчаткова Літву і Польшчу. Літоўскае вялікае княства засталося і пасьля 1569 г. са сваімі парадкамі, асобнасьцямі і Люблінскі сойм патрабаваў толькі, каб літоўцы селі з палякамі ў супольным сойме і не падумаў аб болей глыбокай рэформе Літвы, дзякуючы якой яна зрабілася-б Польшчай.[1]

Такія вывады проф. І. І. Лаппа сталі магчымымі, дзякуючы ня толькі разгляду Люблінскай вуніі і папярэдніх перад ею фактаў, але і спэцыяльнаму вывучэньню хода гісторыі Літоўска-Беларускай дзяржавы і пасьля 1569 г. Гэта вывучэньне даведзена ім да 1586 году.

Погляды ранейшых гісторыкаў аб канчатковым зьнішчэньні самастойнасьці вялікага княства актам Люблінскай вуніі ў значнай меры залежалі ад поўнай нераспрацаванасьці нашай гісторыі пасьля 1569 г. І цяпер яшчэ гэта ў поўным сэнсе слова tabula rasa (чыстая папера). Вось чым тлумачыцца, што і польскія апошнія гісторыкі, разглядаючы болей меней об‘ектыўна гістарычныя факты пасьля Любінскай вуніі, як Кутшэба і рускія, як Лаппа, прыходзяць к аднолькавым вывадам:

  1. Лаппо, opus citra ст. 79-85.