Старонка:Дружчыц Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скарб каронны ўтрымлівае іх на свой кошт пры адбываньні сойму ў Варшаве.[1]

Цяг часу з моманту заключэньня Люблінскай вуніі не дапамог зрастаньню польскай і літоўска-беларускае частак сойму ў адзінае органічнае цела. Літоўска-Беларускае княства ня толькі не памяншае сваіх праў, але дабіваецца зьдзейсьненьня некаторых сваіх жаданьняў, абвешчаных ім на Люблінскім сойме, як, напр., месца пасяджэньняў сойму і на тэрыторыі княства, ужо спусьця 100 год з лішкам пасьля Люблінскай вуніі. Гэты факт сьведчыць, што традыцыйныя тэндэнцыі княства не памёрлі і княства ня страчвала сазнаньня сваей дзяржаўнай самастойнасьці. Княства не здавальняецца тым становішчам, якое займае, але імкнецца да пашырэньня сваіх праў, каб раўнапраўнасьць дзяржаўных організмаў выяўлялася і ў нязначных фактах, як месца для вялікіх вальных соймаў.

Акт Люблінскай вуніі, катораму прыдавалі да апошніх часоў значэньне акту, аб'яднаўшага дзьве дзяржавы і аканчальна вырашаўшага палажэньне Літоўска-Беларускае дзяржавы ў складзе Рэчы Паспалітае, не зьяўляецца канчатковым. Грунтавацца на адных пастановах Люблінскага сойму ў вырашэньіні пытаньня аб становішчы Літоўска-Беларускага княства пасьля 1569 году, ня прыходзіцца. Барацьба паміж княствам і Польшчай вядзецца і пасьля Люблінскай вуніі. Вынікам гэтай барацьбы паяўляюцца новыя акты, якія корэктуюць або ліквідуюць пастановы Люблінскага сойму. Важнейшым з такіх актаў яўляецца Трэці Літоўскі Статут 1588 году, палажыўшы асновы для дзяржаўнай незалежнасьці Літоўска-Беларускага княства і стаўшы грунтам і апорай княства ў яго барацьбе з Польшчай за сваю самастойнасьць. Другімі актамі, дапаўняючымі статут, зьяўляюцца соймавыя констытуцыі. Але іх правільнае разуменьне магчыма толькі з дэтальным вывучэньнем дзейнасьці вялікіх вальных соймаў, соймавых дзеньнікаў, галоўных зьездаў вялікага княства і павятовых літоўска-беларускіх соймікаў. Чарговай задачай беларускай гісторыі павінна быць вывучэньне гэтых організацый і іх дзейнасьці. Толькі пасьля грунтоўнага дасьледваньня і высьвятленьня політычнага жыцьця Беларусі ў дзейнасьці гэтых устаноў, можна будзе з пэўнасьцю гаварыць аб узаемаадносінах Літоўска-Беларускага княства да Польшчы пасьля Люблінскай вуніі. Разам з гэтым будзе ўстаноўлен правільны погляд на ўплыў польскай культуры на Беларусі і пытаньня рэлігійнага характару, якім да гэтага часу прыдаюць політычнае значэньне.

Ня гледзячы на слабую распрацованасьць гісторыі Літоўска-Беларускага княства пасьля Люблінскай вуніі, можна сказаць, што вывады гісторыкаў, зробленыя на аснове акту Люблінскага прывілея аб страце княствам дзяржаўнай незалежнасьці і зьліяньні з Польшчай у 1569 годзе, сьпешны і неабаснаваны. На аснове Люблінскага прывілею, Трэцяга Літоўскага Статуту і соймавых констытуйый можна лічыць установленым, што Літоўска-Беларускае княжаства пасьля 1569 году мае сваю тэрыторыю з строга адзначанымі межамі. Граніцы княства ахраняюцца спэцыяльнаю стражаю, праводзіцца размежаваньне краін літоўска-беларускіх ад польскіх. Войска польскае ня мае права пераходзіць у межы княства, як і войска літоўска-беларускае ў краіны Польшчы пад страхам вялікай кары[2].

Жыхарства Літоўска-Беларускага княства карыстаецца ўласнымі і асобнымі правамі, зафіксіраванымі ў Статуце. Палякі, як і ўсе чужаземцы, павінны набыць індыгенат, гэта значыць подданства Літоўска-беларускаму княству, каб карыстацца аднолькавымі правамі

  1. Volum, legum, t. V, ст. 67.
  2. Vol. leg., t. V, ст. 86