Старонка:Дружчыц Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Віленскаму ваяводзе Крыштофу Радзівілу, што ваявода Смаленскі Ян Волменскі зьяўляецца прыхільнікам жаданьняў караля. Але сам Сапега глядзіць на гэту справу з прынцыповага боку: ״тагды паддайцеся, піша ён, ува ўсім палякам, адмоўцеся ад літоўскай пячаткі, маршальскай ласкі, гэтманшай булавы, і няхай будуць польскія ласкі, пячатка, булава, да і агульны скарб... або загінуць, або дабіцца таго, каб літвін быў Віленскім біскупам“.[1]

Калі на сойме 1593 г. Кракаўскае ваяводзтва падняла пытаньне аб назначэньні ״Літвіна“ contra leqes patriae—супроць дзяржаўных законаў, паднялася думка аб назначэньні паляка на Віленскае біскупства. Леў Сапега ў сваім лісьце адбівае тую трывогу, якая паднялася сярод паноў і шляхэцтва з гэтай прычыны: ״высунута думка аб назначэньні на Віленскае біскупства паляка, но мы ўсялякімі спосабамі будзем процівадзейнічаць; я паказаў ім усе небясьпекі, пераконваў арцыбіскупа, каб ён перашкодзіў гэтаму; ён абяцаў даць нараду каралю". Літоўска-Беларуская шляхта, офіцыйна даведаўшаяся на сойме аб магчымым парушэньні асноўнай констытуцыі Статута, пачала хвалявацца і абгаварываць гэта пытаньне на павятовых сойміках і вынесла сваю пастанову на Віленскім зьезьдзе, адбыўшымся ў жніўні 1593 году. Віленскі зьезд абвесьціў, што Віленская біскупская катэдра незаконна пустуе такі доўгі час, а яшчэ горш—стаў вядом намер караля аддаць гэта біскупства паляку, чым парушаюцца правы вольнасьці і даўнія звычаі. Зьезд даручае сваім паслом прасіць караля да ад'езду ў Швэцыю (куды ён у той час зьбіраўся), назначыць Віленскім біскупам чалавека з ״народа литовского“, згодна з правамі вялікага княства Літоўскага і прывілеямі, выданымі папярэднімі гаспадарамі. Калі-ж кароль, ня гледзячы на гэту заяву, аддасьць біскупства паляку, то вялікае княства Літоўскае ня прызнае яго, ня прыме, і не дапусьціць да ўпраўленьня Віленскім біскупствам. Зьезд даручае сваім дэпутатам не адсылаць да караля прасімага ім падатку, калі кароль не выканае жаданьняў зьезду; дэпутаты павінны запрасіць усе станы, як ім, дэпутатам, рабіць далей. Кароль аднак выехаў у Шзэцыю, ня выканаўшы патрабаваньняў зьезду. Віленская капітула, трымаўшаяся тых-жа поглядаў, клапацілася аб неназначэньні на Віленскае біскупства паляка. Клопаты яе таксама ня мелі посьпеху. Між тым Бернард Мацееўскі дастаў брэве ад папы на выдачу яму з Віленскай капітулы пазыкі ў 10.000 злотых. Пасьля доўгіх спрэчак, грошы капітула павінна была выплаціць. Мала таго, папа патрабуе ад Жыгімонта Вазы, каб ён зараз-жа номінаваў у Вільню біскупа.

Між тым, у 1595 годзе павінен быў сабрацца вальны сойм.Віленскі павятовы прадсоймавы соймік патрабаваў ад абраных соймавых паслоў, каб яны, не прыступаючы да соймавых спраў, патрабавалі ад караля назначэньня ״літвіна“ на Віленскае біскупства. Калі-ж Жыгімонт Ваза ня выканае просьбы, то паслы Віленскага павету павінны напамянуць радным панам рэзідэнтам аб іх абавязках і абяцаньнях, даных імі на двух папярэдніх Віленскіх зьездах, пад сваім шляхэцкім словам, што яны не дазволяць назначыць на біскупскую віленскую катэдру чужаземца, або паляка, а прымуць толькі чалавека ״народа літовского“. Літоўска-беларускім панам печатарам, гэта значыць канцлеру і падканцлеру, Віленскія паслы павінны напамінаць аб гэтым-жа іх абавязку і прасіць іх, каб яны, як абаронцы праў і вольнасьцяй вялікага княства Літоўскага, ня прыкладалі дзяржаўнай пячаткі да прывілея на Віленскае біскупства. Калі паслы не даб'юцца выкананьня гэтых пастаноў, яны павінны кінуць сойм, заявіўшы протэст і ня прымаючы ўдзелу ў соймавых справах.

  1. Opus. citra ст. 117.