Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Каб у гняздзе сваім, з бусліхаю сваёю
Падгадаваць дзяцей
На тым зялёным старасвецкім дубе.
Дзе можа прадзеды яго калісьці у гняздо
Паклалі першы сук.
Джульета.
І вас, як бусла, цягне ў Беларусь?
Георгій.
О, я зайздрошчу буслам! Каб мне крыллі,
Я быў-бы там штогод. Шчаслівы чалавек
Вякоў наступных: ён будзе крыллі мець.
Джульета.
Як? вырастуць, ці, як Ікар, ён злепіць воскам?
Георгій.
У чалавека крыллі вырасці не могуць.
Я гэты месяц скарыстаў тут, як нідзе, ніколі
Не мог-бы скарыстаць вучоны Акадэміі любой…
Джульета.
Як зразумець вас, доктар?
Георгій.
Я бачыць мог будову цела чалавека,
Я кожны мускул мог яго трымаць ў руках,
Мог параўнаць іх з мускуламі птушак,
Звяроў, жывёл. Я тут пазнаў ўсё тое,
За што любы вучоны Захаду згарэў-бы
Не на адным кастры, а на сямі адразу.
Джульета.
Вы бралі трупы?..
Георгій.
Я пахаваў іх чэсна, усе малітвы.
Якія ім належалі па веры іхняй,
Я прачытаў над імі.
Джульета.
І вам было не страшна?
Георгій.
Пасля мне стала страшна, як пабачыў,
Як глушыць цэркаў веды, як грахом
Яна заве не тое, што грахоўна, —
Грахоўнае, звярынае, сваё
Нам выдае яна за чыстае, святое…
Джульета.
Мой бацька, віцэ-прыор Калегіі Медычнай у Падуі,
Сваім сябрам найблізшым часта гаварыў
Вось тое-ж, што і вы, Франчэско.
О, бедны бацька мой! Чаму табе я
Пра пісьмы, дамаганні Леанардо не сказала?
Ты-б не пусціў мяне за горад, да сяброўкі…

Вы гаварылі з Леанардо?