Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тым часам скончыцца вучоба, уляжацца мінтрэга,
І мы вяселле зладзім. Амін і гэтай справе.
Ідзі, Георгій, на развіт з нявестай.
А мы, Дарота, пойдзем, паглядзім,
Ці ўсё, як след, ў дарогу зрыхтавана,
Куфэрак той увяжам.

(Георгій выходзіць).

Дарота.
Ды мне ўсёроўна зараз. Хто-б ні піў, ні еў,
Абы заплочана было. Паназірай, Арына.

(Яны пайшлі. Арына засталася адна).

Арына.
Адвернік з біскупам уладзіць узяўся справу?
Каб не падвёў цябе, Лукаш, угоднік-грахаводнік!
Пачаў дары ён нешта слаць Дароце,
Ды й грэшнай мне перападзе тое-сёе…
А вось і галубкі. Сыйсці ці што? Няхай
Хоць памілуюцца без вока без чужога на астатак.

(Яна выходзіць у кухарню. Зверху сыходзіць Георгій і Маргарыта).

Маргарыта.
Дык едзеш, едзеш, Юрка?
Георгій.
Еду, Маргарыта! І адчуваю крыллі за спіной!
Прысядзем на дарогу.

Яны прыселі, абняўшыся, на лаўку).

Маргарыта.
А я на сэрцы камень чую, Юрка.
Дай паглядзець табе у вочы, любы мой,
Мо’ у астатні раз….
Георгій.
Не трэба, жомчуг мой, так смуткавацца!
Раняць не трэба пэрлаў з вочак ясных.
Вярнуся я.
Маргарыта.
Ты вернешся? Мяне ты не забудзеш?
Георгій.
Глыбока ў сэрцы, Маргарыта, воблік твой
Я захаваю. Думкамі з табой заўсёды буду.
Хвіліну кожную я рады буду, што прайшла яна
І што бліжэй спатканне. Як месяц з сонейкам,
Так мы з табой спаткаемся прыгожым ранкам.
Глядзі на месячык і ўспамінай мяне. А зараз
Не плач-жа, месячык мой ясны, не тумань
Сваіх блакітных вочак.
Маргарыта.
Ах, Юрка, Юрка мой!..