Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Георгій.
Ідзі к сабе. Я не заб’ю, а прывяду к табе,
Пастаўлю на калені, дзякаваць прымушу,
Што ты жыццё яму падаравала.

(Георгій выправаджае яе, бярэ табурэт і абламвае ножкі, каб атрымаўся шчыт, выкручвае ножку з тапчана. З-за каміна з кухарні выслізгваюцца скамарохі, відавочна рыхтуючы свае сапелкі, яны хаваюцца за сталы, за лавы. Зверху спускаецца Ёган, але без мяча).

Ёган.
Ну, шчасце маеш: не знайшоў мяча! Прасі прабачыць!
Георгій (кідае сваю «зброю»).
Ты шчасце маеш, што прышоў бяззбройны…
Вазьмі сваю паперу, соплі ёю вытры. Ведай:
Слугой тваім не будзе сын Скарынін, покуль
На небе сонца ходзіць. А цяпер ідзі
Да Маргарыты, на каленях ёй падзякуй,
Што не забіў цябе я. Ну, ідзі…

(Ён наступае, Ёган адступае па сходцах. Скамарохі зайгралі).

Скамарох.
Так, так, нямчынін! Тупай, тупай
Пад музыку, пад дуды!

(Ёган знікае ад сораму з вачэй сведак. Георгій спыніўся).

Георгій.
Вы што за людзі?
Скамарох.
Мы — вольніца, купец, мы — слугі пана
Валяй-Гуляй, што князем над вятрамі.
Хацелі будаваць мы хаты, ды няма з чаго:
Лясы паны на шыбельні пасеклі.
Ты-ж бачыў сам мо’, едучы у Вільню?
Што двор, то й шыбельня. Ды й што нам хаты?
Бог распасцёр шацёр над намі,
У караля няма такога. Сонца й зоры
На змену свецяць нам, як лучнікі якія.
За сцены — пушчы ў нас, зямля — падлога.
Нас грэе холад, весяліць нас голад,
А калі трэба, галаву ратуюць ногі.
Вясёлае жыццё, дай бог такое каралю з панамі!
Эй, эй! скачыце, чэрці! У сапелі дзьміце, —
Купец пазычыць грошы на гарэліцу нам хоча!

(Скамарохі зноў засвісталі, зайгралі ў дуды, прытанцоўваюць).

Георгій.
Зямля мая, народзе мой цярплівы!
Гнятуць цябе, цапамі ўсцяж малоцяць,

А ты яшчэ смяяцца знаходзіш сілы,