Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/312

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А як пан Юзэф ды з гарматы
Па нас зажарыць?
Атаман (жартуючы).
Пан паляк,
Каб трох палякаў смерці ўсватаў?
Не можа быць!
Дуля (сур’ёзна).
З гарачкі можа.
Атаман.
Ну, можа надвае варожа.
Ксёндз (падказвае).
Паедзе з намі пані Ядзя…
Атаман.
А чарнакніжнік добра радзіць.
Узяць княгіню трэба з намі,
Мо’ і спатрэбіцца часамі.
(Да Яся.) А ты, гайдук? І дзень і ноч
Служыць далей іх мосці будзеш,
Ці хамскі нораў свой забудзеш,
І нам паможаш, чым ахвоч?
Княгіня Ядзя.
Ясь, едзь са мной!
Казак.
У чоўне цесна, пані!
Ясь.
Я берагам пайду.
Стары казак Юхым.
Уто, атопак панскі!
Прыліп к спадніцы басурманскай,
І не адцягнеш да сканання,
Хоць бізуном, хоць абцугамі.
Атаман.
Вы, гайдукі?
Гайдукі.
Мы пойдзем з вамі.
Атаман.
Дабро! Дык слухацца загаду!
Разбіць людзей на два атрады:
Адзін са мной, а хлопцаў дзесяць
Рыгор вядзе. Уздоўж узлесся,
Пад самы замак. Дзед пакажа
Падземны ход і як наляжам
На замак мы, — ударыць з тылу!
Кацярына.
І я з табой, Рыгорка мілы!
Плячо ў плячо пайду на бой!

І жыць і гінуць — дык з табой.