Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/273

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На праклёны і пагрозы.
Каб радзіла грошы глеба,
Каб яны плылі ў таварах
У мой замак аж з-за межаў.
А тады — і герб на вежах.
І віно ў заморскіх чарах!
Суддзя.
Залатыя пана словы,
Толькі трэба ўсё-ж паціху,
Бо народ настроен ліха.
Дзе-ні-дзе парадак новы
Так спаткалі, князь Капуста,
Што у замках стала пуста.
Князь Капуста.
Што-ж, бывае, дабрадзею,
Хам, як быдла, ашалее.
Толькі гэта ўсё-ж не знача,
Быццам трэба іх быдлячай
Патураць, мой пан, натуры.
Трэба біць, пакуль са скуры
(Хай сабе з душою разам)
Дух крамольнае заразы,
Прагнасць панства над панамі
Не павыветрыцца ў хаме.
Пад уласным будзеш дахам
Мець спакой без перашкоды,
Калі панскія выгоды
Абгародзіш хамскім страхам.
Суддзя.
Толькі трэба па закону.
Капуста.
Не такі мужык варона.
Сам ён ведае, што возіць
Кожны чорт на свой млын воду,
Ды і сам зарве у шкоду,
Калі зручны міг знаходзіць.
Не закон — калі без сілы,
Той закон, што сілу мае,
І рука адсохне тая,
Што здабычу выпускае.
Вось вам прыклад. Нам у ногі
Слёзна плюхнула старая
Каля ганку. Від — убогі,
А яна дзяўчыну мае,
Не дзяўчынка, а малінка!
Прыгажэйшая з прыгожых,
Станам гонка, як сасонка,

Косы — хмары ў небе божым,