Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/264

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ачмучваюць сялян… пра пана перасуды…
Пра волю, пра мяцеж…
Капуста.
Дзе атаман?
Адам.
Я затрымаў.
Капуста.
І не пускаць нікуды!
Ў жалезы закаваць!
А там пабачым.
Адам.
Ды яшчэ Марына…
Капуста.
Э, справа хатняя, абсудзім без суддзі.
За доглядам гасцей сам пільна даглядзі.

(Пайшоў у пакой да суддзі. Адам пайшоў у людскую).

З’ЯВА ХХІІІ

Зверху спускаецца ксёндз і накіроўваецца на ганак, напяваючы.

Twoja kosa rozczesana,
Jako brzoza przyodziana,
Twarz, jak kwiatki pomieszane
I liljowe i różane,
Brwi wyniosłe i czarniawe,
Usta twoje koralowe,
Piersi jawne… piersi jawne…

(Вышаў.)

З’ЯВА ХХІV

Дзецкі (увальваецца, аціраючы пот).
Прывёў я мужыкоў, ды ў замак толькі трое
Згадзіліся ісці, а іншых нават боем
У замак-бы не ўвёў, —
Такі вялікі жах на іх пан-князь навёў.

З’ЯВА ХХV

У пакой уваходзяць князь Капуста, суддзя — пан Бобаецкі і пісар.

Суддзя (да Капусты).
Кажу я, пан Капуста, скаргаў шмат
На вас і на людзей на дворных у народзе,
Без скаргі дня, здаецца, не праходзіць.
І госць, і дваранін, і хлопчык-торбахват
У голас выюць, ўспомніўшы «Бярозу».
Навошта-ж ціснуць так, каб стогн кругом ды слёзы?
Капуста.
Што слёзы, пан суддзя? — Салёная вада,

Яны — не пот, бо льюцца-ж без труда,