Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


З’ЯВА ХVII

Уваходзіць задуманы Ясь, напяваючы пад нос песню.

Ясь.
«Ляцеў воран цераз мора
Ды стаў галасіці,
Ой, як цяжка убогаму
Багату любіці!
З’ездзіў каня вараненькага,
Ездзючы з паклонамі,
Стаптаў боцікі казловыя,
Ходзячы з упросамі.
Змяў я шапачку бабровую,
Перад ёй здымаючы,
Змачыў хустачку шаўковую,
Слёзкі выціраючы.»
…«Мой сын — сын князя! помні ты, гайдук!»
Сказала мне з пагардаю пышліва…
Здаецца мне — паветрам паміж рук
Яна знікае, як прывід, як дзіва.
А ці-ж паветра льга рукамі утрымаць?
Не нацалуешся ўдагонку за дзяўчынай.
Адно яе прымушу я сказаць —
Ці хто, ці што з’явілася прычынай.

(Памкнуўся ісці — насустрач яму бацька Адам).

З’ЯВА ХVIIІ

Адам.
Стой, Ясь! Ты чуў пра навіну?
Цяжарна пані.
Ясь.
Ну…
Адам.
Што ну?
Як быццам ты ў гэтым не пры чым!
Ясь.
Ды радавацца нам не бачу я прычын.
Адам.
Дзіця яе навек з табою звяжа.
Ясь.
Ці ланцугі у падзямеллі княжым.
Адам.
На ланцугі хай знойдзецца другі,
Мне надаеў мой стан адданага слугі.
Паслухай, Ясь, сачы ты за Марынай
Сягоння дзень і ноч, каб, не спусціўшы з воч,

Ты пас яе хвіліну за хвілінай.