Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Можа й можна, ды заўчасна, —
Не такое зараз ліха.
Дзед Ахрэм.
Ну тады паслухай казку
Ты другую. Толькі ціха.
«Быў адзін зямец на свеце,
Меў ён летнік каля пушчы,
А у ім калод са дваста.
Ну і жыў, хваліўшы бога,
На пашану і на зайздрасць
Добрым людзям, але толькі, —
Ці то хто яго сурочыў,
Ці наслаў вірутнік чары, —
Зачасціў к яму у госці
Баравы князь карнавухі.
Быў мядзведзь усім мядзведзям:
І вялік, і дуж, зладзюга.
Што ні ноч — калод з дзесятак
Знішчыць, спляжыць і не знайся!
Сам зямец быў дуж на сілу:
Двухгадовага мядзведзя
Раз хапіў рукой за карак —
Яўкнуў той шчанём бяссільным,
На карачкі сеў ад страху.
Але з князем пушчы ў бойку
Не палез асілак дужы.
Быў мядзведзь усім мядзведзям:
І вялік, і дуж без меры!
Гінуць пчолы, гіне праца
Найшчырэйшая на свеце.
Але пчолкі маюць розум
За людзей часамі болей!
Па вуллёх пагаманілі,
Даў вулей суседу вестку,
Той другому, і рашылі —
Адбівацца ад мядзведзя.
Але што казюрка-пчолка
Супроць волата-мядзведзя?
Што зрабіць звярузе зможа?
А змагла! Клубком абселі
На зары мядзведзя пчолы,
Заляпілі вочы, вушы,
Секлі джаламі без ліку,
Самі гіблі, ім на змену
Новых тысячы ляцелі,
Аж пакуль ў шалёных скоках

Не сканаў лясоў ўладыка.