Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/227

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Заскакалі дзецюкі!
Языкі чэшуць,
На дзевак брэшуць,
Дзеўкі смяюцца,
Хлопцы скрабуцца.
Хлопцы.
Ой, хопіць, дзяўчаткі,
здаемся без бойкі,
Бярыце ў палон і чыніце, што воля!
Казакі.
Як хутка-ж пабеглі вы з ратнага поля,
А мы вас паслухаць збіраліся толькі.
Адзін з хлапцоў — Антось.
Згаворышся з імі? Нарвешся на сорам!
Адзін-на-адзін — яшчэ гэтак і так,
А гуртам — заб’юць, залапочуць, заморуць…
Вясёлая дзяўчына.
Адзін-на-адзін выхваляецца рак
Вала пераціснуць кляшнёй — ды хто бачыў?
Антось (кідаецца да яе).
Ой, прыдзецца сціснуць цябе, не іначай!
Вясёлая дзяўчына.
А нюхаў чым пахне
вось гэты кулак?

(Суне яму кулак пад нос, хлапец мімаволі пад агульны смех хуценька адхінаецца).

З’ЯВА ХІV

Кацярына і Алеська выходзяць з хаты.

Кацярына.
Не цягні мяне, сястрычка,
Не заві мяне, Алеська!
Выпіў злы груган крынічку
Маёй радасці і песні.
Час настаў — яе слязамі
Я напоўню аж да краю.
Над сухімі верасамі
Жалем-горам заспяваю.
Не ўмаліла бога маці
Сваёй доньцы долю даці,
Абыходзіць мяне хмарай
Лёс без шчасця і без дараў.

(Размова ў натоўпе).

Дзед Ксаверый.
Ой, жаночы лёс слязлівы!

На жыцці у небаракі