Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ляда драў, ляда драў!
Войт наш у пана
Гіцлем стаў, гіцлем стаў!
Брашы, брашы, войце,
Пад акном, пад акном,
Можа пан пачастуе
Бізуном, бізуном!
Войт.
Ну й язычкі, адсохлі-б вам яны.
Каб заўтра раніцай дажалі мне кліны!

(Плюнуў і пайшоў. Услед яму смех дзяўчат).

Вясёлая дзяўчына.
Не любіць праўды чорт,
Іш, падтуліў як хвост
І агрызнуўся як, бы серада
Ды на вялікі пост!
Жнеі (пяюць).
Ай, пане мой, кароль, кароль,
Пусці мяне дамоў парой!
Як я ў пана жыта жала,
Ў мяне дома бяда стала:
Звалілася свякроў з тыну
Ды ў зялёную крапіву.
Не жаль-жа мне свякровачкі,
А жаль-жа мне крапівачкі:
Свякроўка паляжыць — ды й ўстане,
Крапіўка паляжыць — завяне.
Адна з жней.
Эй, нешта песня йдзе няўдала:
Няма сягоння Кацярыны,
Відаць, к вяселлю прыбірала
Сваю хаціну бедачына.
Вясёлая дзяўчына (другой).
Бяжы, Алеська, і гукні,
Хай кіне ўсё і к нам прыходзе;
Апошнія дзявоцтва дні
Павінна быць у карагодзе.

(Тая пабегла).

І хлопцы тут. Дзяўчаткі, ну —
Спяем ім песеньку адну:
Сваім звычаем
павелічаем!
Жнеі (пяюць).
Хлопцы нашы нерухавыя,
Непрыгожыя, няжвавыя!

Пайшлі ў вяззе,