Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/218

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Касцы.
Цяжкая доля мая!
Дзед Ксаверый (убок).
А добрая песня: за сэрца хватае,
Бо чыстая праўда, бо праўда святая:
«Ці ў ланцугі ды панамі закутая
Разам з народам і воля пакутуе,
Цяжкая доля мая!»
Рыгор.
Мне дзед казаў, калісь, яшчэ малому,
На прызбе седзячы, што ў нейкай старане
Жылі, відаць, яшчэ ў пачатку свету,
У народзе тры сястры,
Іх звалі: Воля, Праўда, Праца.
Радзіла іх зямля-матуля:
Ад сонца — першую, ад месяца — другую,
А трэцюю — ад зорак ясных.
І службу верную народу
Служылі тры сястры:
Ад ворагаў ліхіх заставай на мяжы
Яго аберагала Воля — сястра старэйшая.
Сярэдняя сястра суды судзіла, і паноў
З падпанкамі, як тое пустазелле,
Штогод палола і агнём паліла,
А бедных да сябе гукала і туліла.
І йшлі ў той край з другіх краёў народы
І ўсім давала месца і работу
Сястрыца трэцяя, якую звалі Працай.
Пажылы селянін.
А можа гэтага і не было ніколі?
Рыгор.
Мо’ й не было, — тады палічым байкай,
Ды толькі дзед казаў,
Што наляцеў на край з заходу сонца злы крылаты змей.
У бойцы на мяжы запаланіў ён Волю,
Абманам Праўду ўзяў. Занёс іх на край свету:
Там, на гары высокай, між прадонняў,
Стаяў яго магутны замак.
Дзед Ксаверый.
Ну, а Праца?
Рыгор.
Ушылася ў народ, —
Не мог знайсці пракляты чарадзей.
Ўзяў дань вялікую, і, каб яму штогод
Давалі дань, паставіў ён паноў

Збіраць даніну і сабе і ім.