Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

АКТ І

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Георгій Скарына — хлопец, гадоў 17-ці.
Лукаш Скарына — яго бацька, 60 год.
Іван Скарына — брат Георгія, гадоў 30.
Маргарыта — дзяўчына, гадоў 16-ці.
Арына — яе мамка.
Айцец Сіман — манах, кнігапісец.
Андрэй — знахар, гадоў за 70.
Фон-Шпілер — заморскі госць, купец, гадоў 50.
Товій — яўрэйскі хлопец, сябра Георгія.
Слуга ў доме Скарыны.

1504-ы год. Полацк. Дом багатага купца Лукаша Скарыны. Старажытныя, пісаныя на дошчачках абразы ў залатых акладах з запаленымі лампадкамі перад імі. На асобным аналоі дарожны іканастасік: яго возіць з сабой купец за мяжу ў часе сваіх падарожжаў, каб там, дзе чужыя багі, мець свайго пад рукамі. На покуце дубовы стол з выразнымі ножкамі і такія-ж лаўкі. Стол засланы прыгожым вытканым абрусам, лавы — дыванамі. Над лавамі — паліцы. На паліцах — кнігі ў цяжкіх, драўляных, абцягнутых скурай вокладках, з залатымі крыжамі і палоскамі на карэньчыках. Трапляюцца пергаментныя скруткі: купец, відавочна, цікавіцца кніжнай справай. Але не яна — асноўнае ў яго гандлі: скуры мядзведзяў, лісаў, баброў развешаны па сценах, раскладзены па лавах, ляжаць у кіпах на падлозе, — купец Скарына вядзе буйны гандаль звярынымі скурамі, і ў яго пакоях зложаны найлепшыя з іх для найбольш паважаных пакупцоў і для сябе. У правым кутку цяжкі, акаваны жалезам і размалёваны ў кветкі і грыфы, куфар — скарбніца купца. На ім малыя куфэркі з залатой і срэбранай гатоўкай. Крыху вышэй — паліца з біркамі і гандлёвымі граматамі, з якіх звешваюцца ўніз васковыя пячаткі.
У дубовым масіўным крэсле, каля асвечанага сонцам звонку невялікага акна з рознакаляровай слюдой у шыбах, сядзіць, ухутаная мядзвежай скурай Маргарыта, — бялявая дзяўчына, малая для сваіх год, але надзвычай прыгожая, хаця прыгажосць яе нейкая хваравітая, крохкая і паветрана-лёгкая, Каля яе ног, на нізкім табурэціку, сядзіць Георгій, малодшы сын Лукаша Скарыны. На ім вышываная сарочка, шырокі тканы пояс, аксамітныя чырвоныя штаны, запраўленыя ў казловыя татарскія боцікі. На поясе, у скураным чахле, нож з багата ўбранымі тронкамі. На каленях у яго кніжка з каляровай застаўкай «Космограф». Георгій бойка, хаця і нараспеў, чытае сваёй госці апавяданне пра чужыя, далёкія краіны.