Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАС ДЗЕІ

Дзея адбываецца ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя. Гэта быў час, калі пры каралю Сігізмундзе-Аўгусце II, апошнім з роду Ягела, узмацніўся прыток на Беларусь польскага панства, абшарнікаў і чыноўнікаў, які закончыўся Люблінскай уніяй, аддаўшай Беларусь на канчатковае разграбленне польскім магнатам і шляхце. У гэты-ж час адбыўся перамер сялянскіх зямель памешчыкамі, як для таго, каб больш поўна абкласці іх падаткамі, так і для таго, каб лепшыя землі адрэзаць ад сялян і арганізаваць уласныя запашкі памешчыка. Гэты памер суправаджаўся масавым запрыгоненнем сялян, пазбаўленнем іх і той куртатай асабістай незалежнасці, якой многія з іх дагэтуль карысталіся. Зямля, на якой жыў селянін, была ўжо дагэтуль захоплена беларускай, літоўскай і польскай шляхтай, ці раздадзена гэтай шляхце каралём. Аднак асабістую незалежнасць згубіла толькі «чэлядзь», «халопы» (галоўным чынам з палонных), або «закупы», г. зн. стаўшыя прыгойнымі за пазыку. «Пахожыя» людзі мелі права пераходу ад пана да пана пасля выплаты адыходнага. Часта селянін не меў гэтага «адыходнага» і тады адыходнае плаціў за яго пан, да якога селянін перабіраўся (залічваючы гэта ў кабальную пазыку за «звоз»), але часцей за ўсё селянін проста ўцякаў на новае месца. Шляхта, якая набыла ў той час выключную ўладу ў Польшчы (Польшча стала шляхецкай рэспублікай з выбарным каралём на чале), не толькі атрымоўвала ад караля закон за законам, які дазваляў ёй адшукваць збеглых сялян і варочаць іх назад, але ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя дабілася канчатковага і амаль пагалоўнага запрыгонення сялян. На гэта сяляне адказвалі або тым, што ўцякалі на Украіну к запарожцам, або падымалі паўстанні супроць «навін», якія ўводзілі абшарнікі. Выключную нянавісць народа ў гэты час здабылі польскія памешчыкі і ксяндзы, якія накінуліся на край, як заваявальнікі і драпежнікі. Становішча сялян рабілася ўсё больш нязносным. Мясцовая беларуская і літоўская шляхта і магнаты, якім польскія парадкі прыходзіліся ўсё больш і больш да спадобы, таксама ўзмацнілі націск на сялян, аднак у мэтах захавання ў сваіх руках большых кускоў зямлі, большых магчымасцей эксплаатаваць беларускага селяніна, мясцовыя магнаты і шляхта былі не супроць таго, каб пайграць на пытаннях рэлігіі, адзінства праваслаўнага народа і г. д. Палякі-ж, сустрэўшыся з першымі спробамі цароў тагачаснай Русі (Васілія III, а потым Івана IV Грознага) адабраць назад ад Літвы Беларусь, ад Лівоніі — бераг Балтыйскага мора, усімі мерамі імкнуліся апалячыць, ці хоць прынамсі акаталічыць Беларусь і Украіну. Народ гарнуўся да адзінаверчай Масквы і ненавідзеў Польшчу, аднак супроць адзінаверных паноў унутры краіны выступаў таксама, як і супроць паноў-католікаў, бо вялікай розніцы паміж імі ў жыцці не бачыў. Аб адным такім паўстанні і прычынах яго расказвае гэтая п’еса. Сюжэт п’есы, прозвішча князя ўзяты з гістарычных дакументаў; ужыты таксама тагачасныя тэрміны, без якіх было цяжка абыйсціся: «дзяржаўца» (службовец, атрымаўшы ад караля ў «дзяржанне» замак або воласць), «дзецкі», пасада якога нагадвае пасаду судовага выканаўцы, «асочны» вартаўнік, «почты» — гайдукі, суправаджаўшыя пана пры выездах для «пачоту», «дым» — сялянскі двор, адзінка пры абкладанні падаткам, «дымоўшчына» — абавязак сялян выходзіць 8 дзён у год на панскую работу па аднаму ад дыму, «бірыч» — ада з назваў для зборшчыка падаткаў, «закупы», «звоз», «пахожыя людзі», «навіна», значэнне якіх растлумачана вышэй, і некаторыя іншыя.