Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Маргарыта.
Ты заспакойся, Юрка, і забудзься. Сядзь.
Скажы, мяне ты помніў? і заўсёды?
Не забываўся і за працай нават?
Георгій.
Пра гэта кнігі табе скажуць. Герб
Ты бачыла, на кожнай?
Маргарыта.
Спытацца я хацела,
Адкуль той герб? Кароль падараваў?
Георгій.
Там сонца з месяцам, — яны
Не падуладны каралю зямному,
Яны вышэй палацаў і касцёлаў.
Ты помніш, мы з табой калісьці
Прад сэрцамі сваімі пакляліся
Успамінаць апошняе расстанне
І верыць, што мы сыйдземся ізноў,
Як месяц з сонейкам у небе на світанку.
У герб узяў я тую нашу веру,
Не падуладную ні каралю, ні богу —
Хай мне даруе ён. У гербе месяц —
Маё святых святое, Маргарыта, — ты,
Мой месяц ясны! Я хацеў, хачу,
Каб думку гэтую чытала ты і тыя,
Якія мо’ праз тысячу гадоў
У рукі возьмуць кнігі майго друку.
Маргарыта.
Як любіш ты мяне, каханы мой,
І як мне люб ты!

(Яна прытулілася да Георгія. У гэты час вынырае з-за кустоў Пётра, але адварачваецца і дакладвае ўбок).

Пётр.
Я Товія не бачыў… не знайшоў.
Георгій.

Ідзі, патрэба ў ім адпала.
(Пётр Мсціславец ідзе ў дом).

Маргарыта (па-жаночаму адчуваючы няёмкасць таго, што іх бачыў Пётр).
Нам час ісці таксама.
Георгій.
Пасядзім яшчэ.
Мне хочацца сказаць табе сягоння,
Што сілы у мяне на многа прыбыло,
Калі сюды прыехаў і ступіў я

На землю дзедаў, прадзедаў сваіх,