Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Георгій.
Дык то-ж цябе, як тут казала Прося…
Цікава, ён каго?
Маргарыта.
Не злуйся толькі, ён мяне кахае.
Георгій.
Цябе? Ну так, каго-ж яшчэ ён мог
Тут пакахаць, апроч цябе?
Маргарыта.
Вось ты й злуешся, Юрка, і дарэмна…
Георгій.
Я… не хацеў-бы гэтага… Мне сорам…
Маргарыта.
Дык я-ж, я аднаго цябе кахаю.
Георгій.
Я гэта ведаю.
Маргарыта.
Не ведаю, а веру!
Георгій.
І веру. Але мне балюча стала.
Ты ведаеш, якая рана ў сэрцы
Пятнаццаць год балела, ныла,
І набалела так, што нават цень,
Яе даткнуўшыся, здаецца, патрывожа.
Маргарыта.
Дзіўны ты!
Георгій.
Так, дзіўны… І думкі… Часам, калі бачу,
Як бура ломіць дрэвы, як маланка
Сячэ з нябёс, я думаю, што неба
Зямлёй адвергнутую ласку спаганяе.
Любоў вялікая ў вялікую нянавісць
Ператвараецца. Інакш не можа быць.
Маргарыта.
Тады
Няхай ідзе ад нас твой Товій.
Георгій.
Няхай ідзе… Чакай, адкуль ты знаеш,
Што любіць ён цябе? Казаў ён?
Маргарыта.
Не. Сказала сэрца мне, а ў гэтым
Жанчына не памыліцца ніколі.
Георгій.
Няхай ідзе… Яму лягчэй-жа будзе.
Я ведаю,
Што значыць бачыць поблізу таго,

Каго кахаеш безнадзейна.