Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хто выкрасліў яго і зноўку пагасіў?
Мо’ праў быў Геракліт: святло, як свет, —
Адзіны з усяго — не створаны нікім:
Ні богам, ні людзьмі — было і будзе вечна.
Успалымняецца яно само, само і гасне
У адпаведнасці з сваім законам, покуль што
Не разгаданым чалавекам… Тайна тайных!
Калі ўзляціць на кручу хмар наш розум,
Калі цяжкі ён скіне з шыі камень,
Што прыкавалі да яго людскія-ж рукі,
Благаслаўляючы яго і цемрай і пакутай?
Я камень колісь бачыў… Пасярод яго
Запала зерне у трэшчыну малое
I разламала камень, стаўшы дубам…

(Новы ўдар грому. Старая, звонячы ланцугом, перахрысцілася).

Старая.
Ратуй мяне, пан Езус, за малітвы
Бацькоў маіх.
Георгій (адарваўся ад дум і паглядзеў на яе).
Баішся смерці?
Старая.
Баюся, пане…
Георгій.
Каталічка?
У рай і пекла цвёрда верыш?
Старая.
Так, як казаў нам пастыр, веру.
Георгій.
Тады не бойся смерці: смерць — збавенне.
Старая.
А можа й там спаткаюць так, як тут
Зямныя суддзі? Можа не павераць,
Што на зямлі благога не рабіла?
Георгій.
За што цябе укінулі ў вязніцу?
Старая.
Нібыта ведзьма я. Не бойся, чалавеча…
Якая-ж ведзьма я?
Георгій.
Я не баюся, бачу…
Старая.
Дачка мая епіскапа нажом
У бок пырнула… Кожны год да нас
Ён прыязджае па даніну: два валы, авечкі
І для сябе дзяўчыну па выбору…

І выбар на маю Сусанну паў. Пазвалі