Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Маргарыта.
Спяшацца з тым няма патрэбы.
Дарота.
Я не пыталася ў смерці, а яна
Зайсці заўсёды можа мiмаходам.
Маргарыта.
Навошта вам аб смерці думаць, мацi?
Дарота.
Вось і шкада, што чалавек не дбае
Пра смерць амаль нiколi, усё здаецца,
Што будзе век і малады і дужы.
I я не думала пра смерць, пра старасць,
Пра тое, дзе, куды я галаву схілю…
Не! Думала і я, цябе аддаючы
За шляхціца Адверніка, за скарбы,
Што буду мець прытулак свой на старасць,
Што на пярыне буду спаць,
На золаце, на срэбры буду есці…
Маргарыта.
Дарэмна раны кратаеце, мацi,
Сабе і мне…
Дарота.
Казніць сябе хачу за тое,
Што не паслухала цябе,
Жыццё табе разбiла.
Маргарыта.
Не трэба, маці. Што карысцi з казні,
Калi назад не вернеш?
Дарота.
Знаю.
Калі-б магла вярнуць, я на сваю душу
Грэх найвялікшы узяла-б, дачушка.
(Нахіляецца да яе, гучным шэптам.)
Нічога, пацярпі… Стары Адвернiк, чуеш?
Дык не Кашчэй ён несмяротны, — луне…
Маргарыта.
Не верне Юрку мне і смерць яго.
Дарота.
Дык iншы знойдзецца. Таму й хачу
За часам перадаць табе хоць тое,
Чаго не выманіў Адвернік у той час,
Калі вакол мяне й майго здабытку,
Як ліс каля гусей, круціўся.
Глядзi-ж, каб ён ні лёсткамі, ні грозьбай
I шэляга не вырваў з гэтых скарбаў,
Хіба што на пятлю сабе.
Маргарыта.
Не вырве, маці, нават на пятлю.