Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ДРУГАЯ


AKT І

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ.

Георгій Скарына — доктар медычных навук.
Товій — яго памочнік.
Якуб Бабіч — старшыня Віленскага магістрата.
Юрый Адвернік — лаўнік таго-ж магістрата.
Маргарыта — яго жонка.
Дарота — яе маці.
Багдан Онькаў — лаўнік, член магістрата.
Вартаўнік магістрата, былы скамарох.
Сцяпан, таксама былы скамарох, яго прыяцель.
Айцец Мацей — легат праваслаўнай епіскопіі.
Айцец Сіман — яго памочнік.
Ёган фон-Шпілер — легат каталіцкай епіскопіі.
Мардахай — падручны Адверніка.
Віленскія радцы праваслаўнай і каталіцкай веры.

Вільня, 1514 год. Зала паседжанняў магістрата. Падтрыманыя калонамі цяжкія каменныя скляпенні і сцены распісаны народнымі арнаментамі і гербамі гарадоў, з якімі Вільня вядзе гандаль. У глыбіні сцэны, пасярод невысокае ўзвышэнне. На ім сталы бургомістра і піcapa, масіўныя, дубовыя, з выразанымі ножкамі, і такія-ж крэслы з выразанымі спінкамі. На бургомістравым стале фаліянты гандлёвых метрык, выразаныя ступкі з пукамі гусінага пер’я, аздобленыя ўзорамі скрыначкі, — дзе, магчыма, хаваюцца пячаці, — пясок для прысыпкі напісанага, чарніла. Асобна пясочны гадзіннік. Вышэй стала герб горада Вільні, выразаны на дубовай дошцы, а з абодвух бакоў два кіёты, праваслаўны і каталіцкі, бо лаўнікі Вільні выбіраліся ў роўнай колькасці ад католікаў і праваслаўных. Бліжэй да авансцэны — рады лавак, месцы лаўнікаў, членаў магістрата.
Раніца прабіваецца сонечнымі промнямі праз шматкаляровыя шыбы стрэльчатых вокнаў. За сталом бургомістра у крэслах спяць два не бог ведае як апранутых чалавекі. Їхнія ногі, дзве босыя і дзве ў лазовых лапцях, зручна размясціліся на бургомістравым стале паміж гандлёвых метрык і іншых аздоб гэтага стала. На выразанай спінцы пісаравага крэсла вісяць лапці, а на яго стале — кадушачка з-пад піва, коўш і шматкі ад закусі: відавочна гэтыя людзі, перш чым заснуць, добра выпілі і падсілкаваліся. Сонныя — гэта былыя скамарохі, а зараз — адзін з іх вартаўнік магістрата, а другі яго госць, Сцяпан. Вартаўнік, што ў лапцях, нарэшце прачынаецца, пацягваецца, расплюшчвае вочы.