Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але вось перабіваецца іграньне на новы тон. Выплывае на паверх магутны гук, горды, непераможны, пад якім ледзьве чуваць і тыя песьні жніўныя, і тое мучаньне палячкіна. Зайграў Арцём аб сваёй гордай, адзінокай душы, зайграў аб сваёй музыцы. Грыміць няземны гімн, аж увесь сьвет ад тых гукаў дрыжыць… Па-над усім вышэй стаіць музыкаў гімн, няма той сілы ў сьвеце, якая-б яго сходала.

Раптам зарагатала з габінэту панскага нешта нялюдзкае дзікое… Пан рагоча, вые, сьмяецца! А музыкаў гімн, не зважаючы, плыве шырокай хваляю ў паветры цёмнае начы, як тая магутная бурлівая рака ў павадкі.

Сьціхла рагатаньне, і сярод музыкі раптоўна: бух!..

Сьціхла й музыка. Бягуць людцы да пана ў габінэт, глядзяць: аж ён ляжыць з разьбітымі мазгамі, пісталет турэцкі пры ім ўронены ляжыць.

— Здужала яго нячыстую сілу Арцёмава іграньне, — застрэліўся наш пан!

Пахавалі яго з палячкаю разам, Арцёма-ж болей мы ня бачылі: сышоў ад нас у сьвет, няведама куды.

Вось які быў: калісь музыка, вось якое-што часам дзеялася за прыгонам.