Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І шмат чаго іграў музыка аб сваёй нядолі, змалку дзён.

А так, песьня за песьняй, сыйграў усё жыцьцё сваё.

Цёмная ноч стаяла на дварэ, а як іграў, то быццам расплывалася цямнота: то жніво перад вачмі, жнеі пяюць, то ў сенажацях косы звоняць, то ў супрадках вераценцы трынкаюць, то на ігрышчы лявоніху хлопцы з дзеўкамі скачуць.

І нікому не здавалася дзіўным, што ля труны нябожчыцы іграець ён ня толькі хаўтурнае, але й штодзённае, бо ўсё пакаралася пальцам музыкавым; усё было толькі хораша, ці яно сьвятое, ці грэшнае.

Аж так і да паўночы падышло.

Дашоў музыка да тае нешчасьлівае часіны, як іграў палячцы наскія песьні.

Трубіць паляўнічы рог, гаўкаюць ганчакі, — гэта, значыцца, выяжджае пан на ловы.

Сьмяецца палячка, як-бы званочак сярэбраны, гэта яна цешыцца, что Арцём да яе ідзець. Пакацілася ад скрыпкі смутная жніўная песьня, гэта ён пачаў іграць ёй наскія песьні.

Песьню за песьняй іграе скрыпка, і такая жальба, такая жуда чалавечае душы была ў тым граньні, што сэрца ад болю ўсім сьціскалася, белы сьвет ня мілы рабіўся, жадалася чагось няведамага, чаму ніколі на сьвеце ня бываць. Разьліваецца ў сьлёзах скрыпка, плача аб марнасьці таго сьвету, дзе адзін любіць, а другі — не. Так іграў.