Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Сабакары ўсе мудрагелі, — вышчэрыўся Яська.

— Ну, ідзі сабе да сваіх сабак, ато ізноў на што забудзешся.

— Дармоўшчына была, паночку…

— Ну, ну, пагамані ў мяне!

Пан Міхал пасьля размовы з псаром Яськам прасьвятлеў. Хоць не выпадае так доўга гутарыць яму са сьмердам, нядаўна абсечаным, ды нічога: гэны сьмерд, чорт яму сябра, падаў добрую думку. Князеўская воля будзе споўнена як сьлед.

У садзе за старою афіцынаю аконама ліпела над заплытым стаўком старэнькая акінутая лазенька. Камісар загадаў, каб як найбарджэй зрабіць у ёй парадак і пачаць грэць. У лазеньку ўмясьцілі Тацяну Турботную і замкнулі на замок там, дзе парацца. Ключ паклаў сабе ў кішэню пан Міхал.

— Скрозь вакенца даваць па пяць селядцоў ураньні і ўвечары, а болей нічога не даваць. Няхай есьць уволю, каб аж піцюхны пабажала. Цяпло ў печцы ня спускаць дзень і ноч, ды болей пары паддаваць, ато азызьне галубка, — казаў пан Міхал гайдуку, — паліць як найжарчэй, селядцы выбіраць, як найсальней.

Тры дні, тры ночы стагнала, хрыпела і драпала сьцены зьнямоглая ад смагі, хворая, ашалелая баба.

Ужо й Будзьку павярнулі. Ужо ён з радасьці пацьвярдзіў, пусьціўшцы ў ход усё сваё вэтэрынарскае веданьне, што, дапраўды, шча-