Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дачцы сваёй, маладзенькай і прыгожай дзяўчынцы, дапамагаць ёй даглядаць прыезджых. На тым-жа заезджым двары служыла таксама дзяўчына-астурыйка, з шырокім тварам, з плоскай патыліцай, з кароткім носам, на адно вока крывая. Гэтая мілавідная дзяўчына прышла на помач гаспадаравай дачцы, і яны ўдвух паслалі Дон-Кіхоту пасцель на гары, па яўных адзнаках служыўшай у былы час доўгія гады памяшканнем для хавання саломы.

Тут-жа начаваў і пагоншчык мулаў, пасцель якога знаходзілася не вельмі далёка ад пасцелі Дон-Кіхота. Хаця яна і была зроблена з сёдлаў і папон мулаў, але мела вялікія перавагі перад пасцеллю Дон-Кіхота, складзенай з чатырох жорсткіх дошчак, ляжаўшых на двух не вельмі роўных калодах, з сенніка, такога тонкага, што ён меў выгляд коўдры, напоўненай камякамі, якія па цвёрдасці можна было навобмацак палічыць за каменні, з двух скураных пасцілак і з ваўнянай коўдры, у якой, калі-б захацець, можна было-б палічыць усе ніткі да адной. Вось у гэтую праклятую пасцель і лёг Дон-Кіхот, і адразу-ж гаспадыня з дачкой абклалі яго пляйстрамі з галавы да ног. Ім свяціла Марыторнес, — так звалі служанку-астурыйку. А калі гаспадыня, абкладваючы рыцара пляйстрамі, убачыла на целе ў яго ва многіх мясцах сінякі, яна сказала, што гэта хутчэй падобна на сляды ад удараў, як на сляды ад падання.

— Не, гэта не ўдары, — сказаў Санчо, — гэта круча мела многа выступаў, і кожны з іх пакінуў свой сіняк. — Потым ён дадаў: — Прашу вас, міласць ваша сен’ёра, пакінуць троху гэтай паклі, бо знойдзецца яшчэ нехта, каму яна спатрэбіцца, бо і ў мяне баліць крыху паясніца.

— Значыць і вы зваліліся з кручы? — запыталася гаспадыня.

— Я не зваліўся, — адказаў Санчо Панса, — а ад раптоўнага спалоху, калі я ўбачыў, што мой пан падае, у мяне так забалела цела, што мне здаецца, быццам мне надавалі тысячы палачных удараў.

— Гэта бывае, — сказала гаспадарава дачка. — Мне не раз