ёй на сукенку. Прызначаю маімі паверанымі сен’ёра свяшчэнніка і сен’ёра бакалаўра Караско, тут прысутнічаючых. Калі-б Антонія Кіхадо, пляменніца мая, захацела выйсці замуж, дык толькі за чалавека, які не ведае, што такое рыцарскія кнігі. Калі-ж ён ведае іх, і тым не менш мая пляменніца вышла-б за яго, яна пазбаўляецца ўсёй належачай ёй спадчыны, якую павераныя мае могуць скарыстаць на добрыя справы па свайму меркаванню“.
На гэтым ён скончыў свой запавет, пасля чаго страціў прытомнасць.
Усе спалохаліся і кінуліся на дапамогу.
На працягу трох дзён, якія ён пражыў пасля таго, як зрабіў запавет, ён вельмі часта траціў прытомнасць.
Увесь дом быў у перапалоху, але тым не менш пляменніца ела, ахмістрыня піла, а Санчо Панса быў вясёлы: відаць, думка атрымаць спадчыну некалькі заглушае або змяншае ў наследнікаў адчуванне гора, якое памёршы пакідае пасля сябе.
Нарэшце прышла апошняя гадзіна Дон-Кіхота, пасля таго, як ён многімі і пераканаўчымі словамі выказаў сваю агіду да рыцарскіх кніг. Ні ў якой з рыцарскіх кніг ніводзін вандроўны рыцар не паміраў у сваім ложку так спакойна, як Дон-Кіхот.
Поп папрасіў натарыуса даць яму пасведчанне пра смерць Дон-Кіхота Ламанчскага, каб пазбавіць кожнага другога аўтара мажлівасці ўваскрасіць яго і пісаць бязмежныя гісторыі пра яго ўчынкі.
Такі быў канец дасціпнага ідальго Дон-Кіхота Ламанчскага. Мы не гаворым тут пра слёзы Панса, пляменніцы і ахмістрыні, таксама як і пра многія эпітафіі на яго магіле. Падамо толькі тую, якую склаў вясёлы бакалаўр Сансон Караско:
Тут ляжыць ідальго слаўны, |