Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/516

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

побач з яго згалоўем і, глыбока ўздыхнуўшы, загаварыла пяшчотным і слабым голасам:

— Калі скромныя дзяўчаты даюць языку волю прарвацца праз усе перашкоды, абвяшчаюць публічна пра свае тайны, яны, безумоўна, даведзены да апошняга. Я, сен’ёр Дон-Кіхот Ламанчскі, адна з іх, — пераможаная і закаханая. Два дні таму назад з-за тваёй суровасці я памерла. Толькі дзякуючы пакутніцтву твайго добрага зброеносца, я не засталася на тым свеце.

— Каханне магло-б, — сказаў Санчо, — укласці ваша ўваскрашэнне ў пакутніцтва майго асла: я быў-бы за гэта вельмі ўдзячны, бо не для кожнай капчонкі…

Але тут Дон-Кіхот, прадбачачы цэлы паток прыказак, спыніў яго і сказаў, звяртаючыся да Алтысідоры:

— Многа разоў гаварыў я вам, сен’ёра: я вельмі засмучоны тым, што вы накіравалі сваю прыхільнасць на мяне, бо я магу адказаць вам толькі ўдзячнасцю, але не ўзаемнасцю. Я нарадзіўся, каб належаць Дульсінеі Табоскай, і ніякая другая прыгожасць не можа заняць месца, належачае ёй у маёй душы. Няхай гэта прымусіць вас вярнуцца ў межы вашай скромнасці.

Пачуўшы гэта, Алтысідора, робячы выгляд, што яна вельмі раззлаваная і засаромленая, усклікнула:

— Клянуся, дон сушаная траска, калі я дабяруся да вас, дык выдзеру вам вочы! Ці не думаеце вы, можа, дон пераможаны і дон пабіты палкамі, што я памерла з-за вас! Усё, што вы бачылі сёння ўначы, было толькі прытворствам! Я не такая жанчына, каб паміраць з-за падобных вярблюдаў!

Дон-Кіхот хацеў адказаць ёй, але ў гэты час у пакой увайшлі герцаг і герцагіня даведацца пра здароўе Санчо. Дон Кіхот папрасіў у іх дазволу паехаць у той-жа дзень і атрымаў яго.

Герцагіня запытала, ці адчувае ён прыхільнасць да Алтысідоры, на што ён адказаў:

— Сен’ёра мая, прычына хваробы гэтай дзяўчыны ляжыць