Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/513

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Памірае Алтысідора невядома ад якой хваробы, а каб уваскрасіць яе, выходзіць, што неабходна зноў-такі мне даць дваццаць чатыры аплявухі па твары, пакалечыць маё цела ўколамі булавак і нашчыпаць рукі да сінякоў! Пры чым я тут?!

— Злітуйся, тыгр, і сціхні! — сказаў чалавек у кароне. — Пакутуй і маўчы, бо ад цябе не патрабуюць немажлівага. Такім чынам, слугі, яшчэ раз кажу: безадкладна выканайце мой загад.

У гэты час на дварэ з’явілася шэсць дуэней у акулярах, трымаючы правыя рукі ўгару з голымі лакцямі. Толькі Санчо ўбачыў дуэней, ён зароў, як бык:

— Я магу дазволіць усяму свету чапаць сябе, але згадзіцца, каб да мяне датыкнуліся дуэн’і, — ні за што! Няхай кошкі падрапаюць мне твар, як яны зрабілі гэта з маім панам у гэтым самым замку! Усё я сцярплю, толькі-б да мяне не датыкнуліся гэтыя дуэн’і.

Тут ужо Дон-Кіхот спыніў маўчанку і сказаў Санчо:

— Узбройся цярплівасцю, сын, і горача падзякуй неба за тое, што яно тваю асобу надзяліла ўласцівасцю сваім пакутніцтвам здымаць чары з зачараваных і ўваскрашаць мёртвых.

Між тым дуэн’і абступілі Санчо, які, паступова заспакоіўшыся, добра сеў на сваё крэсла і пакорна выставіў твар і бараду першай дуэн’і. Адпячатаўшы свае пяць пальцаў на яго твары, яна зараз-жа зрабіла яму нізкі рэверанс.

Нарэшце ўсе дуэн’і надавалі яму пстрычкоў і шчыпкоў, але чаго ён не мог выцерпець — гэта ўколаў булаўкамі. Ён ускочыў з крэсла раззлаваным і, схапіўшы запалены факел, які быў паблізу ад яго, кінуўся на дуэней з крыкам:

— Вон, слугі пекла, я ж не з бронзы, каб не адчуваць такой надзвычайнай пакуты.

— Тут Алтысідора, якая, мабыць, стамілася ляжаць столькі часу на спіне, павярнулася на бок; убачыўшы гэта, усе прысутныя амаль у адзін голас усклікнулі:

— Алтысідора жывая! Алтысідора жывая!