Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не думаў, што мы — калі нас і пакамечылі ў гэтай бойцы — тым самым зганьбаваныя. Зброя, якою гэтыя людзі нас так неміласэрна пабілі, была не чым іншым, як коллем, і ні ў аднаго з іх не было ні шпагі, ні мяча, ні кінжала.

— Мяне зусім не непакоіць думка, ці лічацца абразай, ці не атрыманыя ўдары дубінай, а непакоіць боль ад гэтых удараў, якія застануцца таксама глыбока ў маёй памяці, як і на маіх плячах.

— Тым не менш я павінен табе сказаць, брат Панса, — адказаў Дон-Кіхот, — што няма ўспаміну, якога-б не знішчыў час, і няма гора, якога не вылечыла-б смерць.

— Але якое-ж можа быць горшае няшчасце, — засупярэчыў Панса, — як тое, калі даводзіцца чакаць, каб час яго знішчыў і смерць паклала яму канец. Калі-б няшчасце наша было з ліку тых, якія вылечваюцца двума-трыма пляйстрамі, справа была-б не такой яшчэ дрэннай. Але мне здзецца, што не хапіла-б пляйстраў цэлага шпіталя, каб даць ёй добры абарот.

— Пакінь гэта і збяры ўсе свае слабыя сілы, Санчо. Паглядзім, што з Расінантэ, бо, як мне здаецца, на бедака пала найбольшая доля нашай бяды.

— Здзіўляцца тут няма чаго, — адказаў Санчо, — ён-жа таксама вандроўны рыцар; здзіўляюся я толькі таму, што мой асёл застаўся цэлым і зусім не пацярпеў.

— Твой асёл можа замяніць мне цяпер Расінантэ і давезці мяне да якога-небудзь замка, дзе мне перавяжуць раны. Я зусім не лічу ганебным ехаць на асле, бо, помніцца, недзе чытаў, што добры стары Сілен — настаўнік вясёлага бога смеху — пры ўездзе ў стовратны горад вельмі добра сядзеў вярхом на сваім асле.

— Напэўна, ён сапраўды, як кажа ваша міласць, сядзеў вярхом, — сказаў Санчо, — але вялікая розніца, ці сядзець вярхом, ці ляжаць упоперак асла, як мех з гноем.

— Раны, атрымачыя ў бойцы, — адказаў Дон-Кіхот, — хутчэй прыносяць гонар, як пазбаўляюць яго. З гэтай прычыны, сябра Панса, не супярэч мне больш. Паспрабуй пад-