Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/481

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

звярнуў увагі на гук трубы, як гэта зрабіў Дон-Кіхот, які адразу-ж кінуўся на свайго праціўніка.

Убачыўшы набліжэнне Дон-Кіхота, Тасілос тым не менш не крануўся ні на крок са свайго месца. Ён гучна паклікаў распарадчыка паядынку і запытаў яго:

— Сен’ёр, гэты паядынак адбываецца з-за таго, ажанюся я або не з гэтай сен’ёрай?

— Так.

— У такім выпадку мне няма чаго біцца, бо я прызнаю сябе пераможаным і згодзен безадкладна ажаніцца з гэтай сен’ёрай.

Распарадчык паядынку быў вельмі здзіўлены гэтым. Таксама былі здзіўлены, яшчэ не ведаючы ў чым справа, затрымкай паядынку герцаг і Дон-Кіхот. Пакуль усё гэта адбывалася, Тасілос пад’ехаў да месца, дзе сядзела дон’я Родрыгес, і гучна ўсклікнуў:

— Сен’ёра, я згодзен ажаніцца з вашай дачкой, не рызыкуючы быць забітым!

Калі мужны Дон-Кіхот пачуў гэтыя словы, ён сказаў:

— Я стрымаў сваё абяцанне і цяпер вызвалены ад яго. Няхай яны сабе жэняцца ў добры час!

Тасілос пачаў расшпільваць свой шлём, і, калі ён вызваліўся ад яго, ашуканства выкрылася. Убачыўшы яго твар, дон’я Родрыгес і дачка яе ўсклікнулі:

— Гэта ашуканства! Тасілоса, лакея герцага, падсунулі нам замест сапраўднага жаніха. Мы патрабуем правасуддзя супроць такой хітрасці!

— Не хвалюйцеся, сен’ёра, — пачаў заспакойваць іх Дон-Кіхот. — Гэта не хітрасць, бо ва ўсім вінаваты злыя чараўнікі, праследуючыя мяне. Зайздросцячы славе, якую я павінен быў набыць гэтай перамогай, яны ператварылі твар вашага жаніха ў твар чалавека, які, як вы кажаце, служыць лакеем у герцага. Паслухайцеся маёй парады і выходзьце за яго замуж, бо няма сумнення, што ён той самы і ёсць, якога вы хочаце мець сваім мужам.