Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/470

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўявіць, чым ён яшчэ мог-бы кіраваць. Я, сен’ёра душы маёй, парашыла, з дазволу вашай міласці, накіравацца да двара і раз’язджаць там у карэце, каб калоць гэтым вочы тысячы зайздроснікаў, якія ўжо ёсць у мяне. Такім чынам, упрашаю вашу высокасць, загадайце мужу майму паслаць мне крыху грошай і нават досыць многа, бо ў сталіцы расходы вялікія. Ногі ў мяне так і скачуць, да таго мне хочацца ў дарогу. Калі я і дачка мая зададзім бляск і трэск у сталіцы, муж мой зробіцца больш вядомым праз мяне, як я праз яго. Сёлета не было збору жалудоў у нашым сяле, тым не менш пасылаю вашай высокасці каля поўмеры, якія я сама хадзіла збіраць у лес.

Няхай ваша высокасць не запамятае напісаць мне. Я ў адказ паведамлю пра ўсе навіны нашага мястэчка. Дачка мая Санчыка і мой сын цалуюць рукі вашай міласці.

Слуга ваша Тэрэса Панса.“

Вялікае было задавальненне, якое даў усім ліст Тэрэсы Панса. Герцагіня-ж папрасіла Дон-Кіхота распячатаць ліст, прысланы губернатару. Дон-Кіхот зараз-жа распячатаў яго, каб пацешыць іх, і прачытаў наступнае:

Ліст Тэрасы Панса да яе мужа Санчо Панса

„Твой ліст я атрымала, Санчо душы маёй, і клянуся табе, што нехапала толькі двух вяршкоў, каб я звар’яцела ад шчасця. Пачуўшы, што ты губернатар, я ледзь не павалілася ад захаплення, бо раптоўная радасць таксама забівае, як і вялікае гора. Хаця перада мною ляжала вопратка, каралы і лісты, але мне здавалася, што я бачу толькі сон: хто ж мог падумаць, што казапас зробіцца губернатарам вострава? Трэба доўга жыць, каб многае бачыць; з гэтай прычыны я не думаю пакінуць жыць, покуль не ўбачу цябе зборшчыкам падаткаў — пасада, якая прыносіць нямала грошай. Сен’ёра герцагіня перадасць табе пра маё жаданне накіравацца ў сталіцу; падумай пра гэта і паведамі мне сваю думку, бо я буду старацца зрабіць табе там гонар, раз’язджаючы ў карэце.