Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/456

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пра гэта, мяркуючы, што дачка губернатара можа абраць сабе якога захоча мужа.

На гэтым скончыўся абыход у тую ноч, а праз два дні скончылася і губернатарства Санчо, дзякуючы чаму ўсе яго планы былі расстроены, як мы гэта і ўбачым далей.


РАЗДЗЕЛ XLI,
у якім адкрываюцца чараўнікі, пабіўшыя дуэн’ю і падрапаўшыя Дон-Кіхота, а таксама апавядаецца, што здарылася з пажам, які завёз лісты да жонкі Санчо Панса

Калі дуэн’я Родрыгес вышла з спальні, каб ісці ў пакой Дон-Кіхота, другая дуэн’я, спаўшая з ёю разам, пачула гэта. Усе дуэн’і надзвычайна цікаўлівыя; з гэтай прычыны другая дуэн’я пайшла за ёю ўслед так ціха, што першая не прыкмеціла гэтага. Калі дуэн’я Родрыгес увайшла ў пакой Дон-Кіхота, яе сяброўка адразу-ж накіравалася да сен’ёры герцагіні давесці да яе ведама, што дон’я Родрыгес знаходзіцца ў спальні рыцара. Герцагіня разам з Алтысідорай моўчкі і з вялікай асцярожнасцю дайшлі да пакоя Дон-Кіхота і пачалі падслухоўваць, што там гаварылася. Калі герцагіня пачула, што дон’я Родрыгес збіраецца пачаць плёткі пра яе Дон-Кіхоту, яна не магла гэтага сцярпець. Раззлаваная, яна разам з Алтысідорай уварвалася ў пакой і аддзякавала дуэн’ю, а заадно і Дон-Кіхота так, як пра гэта ўжо было расказана.

На наступны дзень герцагіня паслала пажа, — таго самага, які граў ролю Дульсінеі ў хітрай справе зняцця з яе чар, — Тэрэсы Панса з лістом яе мужа і яшчэ другім лістом ад самой герцагіні, дадаўшы да яго ў падарунак Тэрэсе вялікую нітку дарагіх каралаў.

Паж гэты быў вельмі разумны і здагадлівы. Прыехаўшы ў вёску Санчо, ён запытаўся ў адной сустрэчнай дзяўчыны, дзе жыве Тэрэса Панса. Дзяўчына адказала, што гэта — яе маці, і прапанавала праводзіць яго да свае хаты. Яны накі-