Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/453

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

граўшы, сумленна або несумленна, зараз-жа дайце гэтаму чалавеку сто рэалаў, Апрача таго, афяруйце яшчэ трыццаць рэалаў для бедных зняволеных у астрозе. А вы, у якога няма ні заняткаў, ні прафесіі і які па-гультайску праводзіць час на гэтым востраве, зараз-жа бярыце сто рэалаў і заўтра на працягу дня знікніце з гэтага вострава ў дзесяцігадовае выгнанне, памятаючы, што калі вы вернецеся сюды раней тэрміну, то дакончыце яго на тым свеце, бо я павешу вас на шыбеніцы, або, прынамсі, кат зробіць гэта па майму загаду.

Адзін аддаў грошы, другі паклаў іх у кішэню і паабяцаў пакінуць востраў, а першы накіраваўся дахаты.

— Я знішчу гэтыя ігральныя дамы, — сказаў губернатар, — бо мне здаецца, што яны прыносяць вялікую шкоду.

Яны пайшлі далей і сустрэлі двух вартавых, якія вялі затрыманага імі чалавека і сказалі:

— Сен’ёр губернатар, — вось гэты чалавек не мужчына, а жанчына, пераапранутая ў мужчынскую вопратку.

Падняўшы вышэй два ліхтары, пры святле іх яны ўбачылі твар дзяўчыны год каля шаснаццаці. Валасы яе былі сабраны ў сетку з золата і зялёнага шоўку, прыгожую, як тысячы пэрлаў. Яны аглядзелі яе з галавы да ног. Дзяўчына спадабалася ўсім, але ніхто не ведаў яе. Санчо быў здзіўлены яе прыгожасцю і запытаў у яе, хто яна, куды ішла і чаму пераапранулася ў мужчынскую вопратку?

Апусціўшы вочы на зямлю і саромячыся, дзяўчына адказала:

— Не магу сказаць, сен’ёр, уголас тое, што для мяне так важна трымаць у тайне. Магу сказаць толькі, што ч не зладзейка і не злачынніца, а няшчасная дзяўчына, якую гора прымусіла парушыць прыстойнасць, якую патрабуе скромнасць.

Губернатар загадаў усім адыйсці, за выключэннем мажардома, пажа і сакратара. Убачыўшы, што яны адны, дзяўчына сказала: