Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/440

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сутных у зале, запытаў, ці павінен ён абедаць, як фокуснік. На гэта чалавек з жэзлам адказаў яму:

— Вы, сен’ёр губернатар, павінны абедаць так, як губернатары. Я, сен’ёр, доктар і атрымліваю пенсію на гэтым востраве, каб быць доктарам пры губернатарах, аб здароўі якіх я клапачуся куды больш, як аб сваім уласным. Удзень і ўначы я вывучаю і даследую камплекцыю губернатара, каб змагчы вылечыць яго, калі ён захварэе. Я загадаў прыбраць блюда з фруктамі з той прычыны, што яно надзвычайна вільготнае, а блюда з іншай ежай я таксама загадаў прыбраць, бо гэтая ежа надзвычайна гарачая.

— У такім выпадку вось тое блюда з падсмажанай курапаткай не можа пашкодзіць мне!

— Курапатак сен’ёр губернатар не паспрабуе, покуль я жывы.

— Але чаму-ж?

— Таму, — адказаў доктар, — што настаўнік наш Гіпакрат, пуцяводная зорка і святло медыцыны, гаворыць: усякае перасычэнне шкодна, а больш за ўсё шкодна перасычэнне курапаткамі.

— Калі гэта так, — сказаў Санчо, — няхай-жа з усіх блюдаў, якія стаяць на стале, сен’ёр доктар пакажа на тыя, якія найбольш мне карысныя. Дайце мне іх есці, не датыкаючыся да іх вашай палачкай, бо, клянуся жыццём губернатара, я паміраю ад голаду.

— Вы праўду кажаце, сен’ёр губернатар, — адказаў доктар, — такім чынам, на маю думку, вашай міласці трэба цяпер з’есці сотню маленькіх бісквітных трубачак і некалькі тоненькіх скрылькоў айвы, — і тое і другое вельмі карысна для страўніка і садзейнічае траўленню.

Пачуўшы гэта, Санчо адкінуўся на спінку крэсла і, пільна гледзячы на доктара, запытаў у яго, як яго завуць і дзе ён вучыўся.

— Завуць мяне, сен’ёр губернатар, доктарам Педро Рэсіё: доктарскую-ж ступень я атрымаў ад Осунскага універсітэта.