Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/419

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але герцаг аніяк не згадзіўся дазволіць яму гаварыць, покуль ён не падымецца. Страшыдла, падняўшыся з кален і гледзячы на герцага, сказала:

— Святлейшы сен’ёр, мяне завуць Трыфальдзін-Белая Барада. Я — зброеносец графіні Трыфальдзі, якую завуць яшчэ дуэн’яй Даларыдай. Яна просіць у вашай міласці дазволу з’явіцца сюды і расказаць вам пра сваю незвычайную і дзіўную бяду. Але раней за ўсё яна хацела даведацца, ці знаходзіцца ў замку харобры, нікім не пераможаны рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі.

Сказаўшы гэта, ён пачаў спакойна чакаць адказу герцага, які сказаў яму:

— Добры зброеносец Трыфальдзін-Белая Барада, перадайце сен’ёры графіні Трыфальдзі, якая, дзякуючы чараўнікам, прымушана называцца дуэн’яй Даларыдай, каб яна ўвайшла сюды. Скажыце ёй таксама, што тут знаходзіцца харобры рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі, які паможа ёй у бядзе.

Пачуўшы гэта, Трыфальдзін сагнуўся да зямлі і пры тых-жа гуках флейты і бубнаў вышаў з саду, пакінуўшы ўсіх у здзіўленні.

— Цемра злосці і невуцтва, — сказаў герцаг, звяртаючыся да Дон-Кіхота, — не можа засланіць бляск дабрадзейнасці і харобрасці! Не паспелі яшчэ вы прабыць і тыдня ў гэтым замку, як ужо з’яўляюцца шукаць вас з далёкіх краін людзі, упэўненыя, што знойдуць у гэтай магутнай руцэ збаўленне ад гора і пакут.

— Я хацеў-бы, сен’ёр герцаг, — адказаў Дон-Кіхот, — каб тут прысутнічаў той царкоўнік, які ў мінулы раз за абедам выказаў столькі злосці да вандроўных рыцараў. Цяпер ён сваімі вачыма мог-бы пераканацца ў тым, ці патрэбны гэтыя рыцары свету, ці не. Няхай-жа ідзе гэтая дуэн’я і просіць усё, што хоча, бо я здабуду ёй паратунак ад яе бяды.