Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/403

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каб мне далі абяцанае губернатарства, што-ж зробіш? Можа гэта і да лепшага: бо гавораць: на ўласную бяду нарадзіліся ў мурашкі крыллі. Можа здарыцца, што Санчо-зброеносец хутчэй трапіць на неба, як Санчо-губернатар; гавораць-жа: уначы ўсе кошкі шэрыя. Не ўсё тое золата, што блішчыць; з гэтай прычыны больш грэюць чатыры аршыны тоўстага і таннага сукна, як чатыры аршыны тонкага і дарагога сукна. Апрача таго, пасля смерці цела папы не зойме ў зямлі больш месца, як цела дзячка. І я паўтараю зноў: калі ваша светласць не захоча даць мне востраў, як дурному, я, як разумны, змагу не пакрыўдзіцца на гэта.

Герцагіня не магла не здзіўляцца развагам і прыказкам Санчо і сказала яму:

— Добры Санчо ведае, што рыцар заўсёды выконвае свае абяцанні. Герцаг, муж мой, хаця і не вандроўны, але ўсё ж рыцар: ён выканае дадзенае ім слова адносна абяцанага вострава. Няхай толькі Санчо кіруе сваімі васаламі, памятаючы, што ўсе яны адданыя і прыстойныя людзі.

— Адносна таго, каб добра кіраваць імі, — адказаў Санчо, — вы не бойцеся, бо я па сваёй прыродзе жаласны і маю прыхільнасць да бедных. Я ўмею быць пільным і не згаджуся, каб мне кідалі пыл у вочы, бо ведаю, дзе мне цісне чаравік. Мне здаецца, што адносна кіраўніцтва ўся справа ў тым, каб пачаць. Прабыўшы два тыдні губернатарам, я напэўна ведаў-бы лепш гэтую пасаду, як палявыя работы, на якіх я вырас.

— Вы праўду кажаце, Санчо, — сказала герцагіня, — ніхто не нараджаецца вучоным: губернатараў робяць з людзей, а не з камення. Але, варачаючыся да нядаўняй нашай гутаркі пра зачараванне сен’ёры Дульсінеі, я лічу ўсё-ж праўдзівым, што сялянка, ускочыўшая на асліцу, была сапраўды Дульсінея Табоская, а добры Санчо, уявіўшы, што ён ашукаў, быў сам ашуканы. Усё гэта мне адкрыў адзін сябра мой — таксама чараўнік.

— Гэта зусім мажліва, — згадзіўся Санчо. — Цяпер я гатоў верыць і таму, што пан мой расказваў пра тое, што здары-